Сярэдняя цана квадратнага метра на другасным рынку жылля ў Мінску за апошнія паўгода вырасла на 14,09% і склала ў красавіку 1.393 долары. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела кансалтынгу і аналітыкі групы кампаній «Твая сталіца» Андрэй Астрэйка.

Паводле звестак ГК «Твая сталіца», за апошнія паўгода цэны на аднапакаёвыя кватэры ўзраслі на 11,57% да 1.466 долараў за квадратны метр у красавіку, двухпакаёвыя — на 14,26% да 1.354, трохпакаёвыя — на 10,71% да 1.240 долараў за квадратны метр.

«Сярэднія цэны здзелак у красавіку ў параўнанні з папярэднім месяцам, паводле звестак групы кампаній, захаваліся на ранейшым узроўні. Сярэдні тэмп росту цэн за апошнія паўгода склаў 2,25% у месяц. Кватэры з мэбляй або папярэднім рамонтам рэалізоўваліся ў сярэднім на 23% даражэй (або на 319 долараў за квадратны метр) кватэр тыпавых спажывецкіх якасцяў», — пракаментаваў тэндэнцыі рынку нерухомасці спецыяліст.

Апрача таго, зазначыў Астрэйка, у красавіку амаль палова здзелак з аднапакаёвымі кватэрамі на другасным рынку жылой нерухомасці Мінска, паводле звестак РУП «Нацыянальнае кадастравае агенцтва», была заключана з кватэрамі плошчай 30–34 квадратныя метры. Пры гэтым у структуры прапановы доля кватэр такой плошчы склала толькі 16%.

Сярэдняя цана квадратнага метра на першасным рынку жылля за апошнія паўгода ўзрасла амаль на 14%. Сярэднямесячны рост цэн за студзень-красавік 2013 года склаў прыкладна 3%. Кошт жылля на першасным рынку ў красавіку склаў: для эканамкласа — 1.315 долараў за квадратны метр, бізнес-класа — 1.562, эліткласа — 2.389. Такім чынам, сярэднеўзважаная цана ў красавіку гэтага года склала 1.537 долараў за квадратны метр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?