У спэцпрымальніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна зноў пачалі прымаць перадачы для затрыманых у Менску 24 і 25 сакавіка. Аднак многія людзі дагэтуль ня ведаюць пра лёс сваіх арыштаваных дзяцей і сваякоў.

Спадарыня Тамара прыйшла на Акрэсьціна разам зь сяброўкай свайго сына. Яго арыштавалі ў суботу падчас акцыі пратэсту, але гэта здарылася выпадкова, заяўляе жанчына:

(Тамара: ) «Ён машыніст мэтро, ехаў на прымерку працоўнай формы. Вось яны разам зь дзяўчынаю ішлі, і тут гэткі натоўп. Яна неяк адбеглася, а яго чакалі-чакалі – няма. А тут ніхто нічога ня ведае й казаць ня хоча».

(Карэспандэнтка: ) «Што вы пра гэта думаеце?»

(Тамара: ) «Няма словаў. Гэта такое бяспраўе! Я трэція суткі б’юся галавой вось аб гэтую сьцену і акрамя галаўнога болю нічога ня бачу. Бяспраўе поўнае! У якой краіне мы жывем?!»

Многія людзі прыходзяць сюды ня першы дзень, каб даведацца пра ўмовы ўтрыманьня зьняволеных, аднак ніякай інфармацыі ня маюць.

(Спадарыня: ) «Тут муж мой, рэчы забралі, нічога не вярнулі, я нічога пра гэта ня ведаю. Чатыры дні ходзім, каб перадачу перадаць. Гэта жахліва».

Якраз сёньня выйшаў на свабоду адзін з удзельнікаў акцыяў пратэсту, Алесь Лышчык, якога затрымалі раней. Яго адразу ж атачылі людзі, каб хоць штосьці даведацца пра сваіх блізкіх і ўмовы іхнага ўтрыманьня:

(Спадарыня: ) «Паслухай, а хлопца там з рудымі валасамі не было?»

(Лышчык: ) «Не, не было».

(Спадар: ) «Можа, прозьвішчы чые памятаеш, назаві?»

(Лышчык: ) «Ці ёсьць тут родныя Воўчака? Некаторых там моцна зьбілі. Вы нам перадачы прыносіце, а нам пэрыядычна карантыны ладзяць».

Каб перадаць зьняволеным лекі, харчы і пітво, людзі мусілі станавіцца ў чаргу з чатырох гадзінаў раніцы. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Спадарыня: ) «Учора выйшаў малады хлопец і сказаў, што ў асноўным перадачы ім даходзяць з амбасадаў. А тое, што перадаюць бацькі, блякуецца».

(Іншая спадарыня: ) «Ладзяць гэтыя натоўпы, чэргі».

(Іншая спадарыня: ) «Нідзе ніякай інфармацыі, нідзе немагчыма нічога даведацца. Усё пакрыта нейкай таямніцай, хлусьнёй».

(Карэспандэнтка: ) «Як вы лічыце, чаму так адбываецца?»

(Спадарыня: ) «Для мяне, напрыклад, з маім дзіцём гэта таксама было нечаканасьцю. Але на сёньня тут пастаўлена не эканамічнае пытаньне, а палітычнае ў пляне хлусьні».

(Іншая спадарыня: ) «Два і тры – гэта пяць. А нам хочуць патлумачыць, што гэта васямнаццаць».

(Іншая спадарыня: ) «Калі раней я, можа, і сумнявалася, то цяпер я на сто адсоткаў падтрымліваю сваю дачку і ўсю моладзь, якая тут знаходзіцца».

(Спадарыня: ) «Я проста схіляюся перад гэтай моладзьдзю, больш у мяне словаў няма».

Каб падтрымаць сваякоў затрыманых, сябры праваабарончага цэнтру «Вясна» прывезьлі й раздавалі ўсім ахвочым гарачую гарбату. Адначасна супрацоўнікі міліцыі фіксавалі нумары ўсіх прыватных аўтамабіляў, якія пад’яжджалі да будынку спэцпрымальніка на Акрэсьціна.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0