Цяперашні стан беларускай мовы — бадай, самы трагічны за ўсю гісторыю яе існавання.
Лёгкіх часоў яна не ведала ніколі, але раней існаваў магутны вясковы беларускамоўны пласт. Цяпер жа і вёска русіфікаваная дашчэнту. Практычна знішчаныя беларускія школы, хоць нават у часы як першай, так і другой нямецкай акупацыі яны існавалі. Іначай і быць не можа, пакуль краінай кіруе асоба, якая дзіка, паталагічна ненавідзіць усё беларускае.

З уладамі ўсё зразумела — калі не лічыць некалькіх нацыянал-камуністаў20-х гадоў мінулага стагоддзя, ніводзін кіраўнік не дбаў пра беларускую мову.

Аднак цяпер парадаксальным чынам небяспека зыходзіць і ад самых гарачых яе прыхільнікаў.
Справа ў тым, што для гэтых людзей беларуская мова не ёсць і не магла быць матчынай. Цяперашнія Сержукі і Алесі не так даўно былі Серёжамі і Сашамі. Шлях кожнага да мовы быў свядомы, але цяжкі і пакутлівы.

Найлепей гэта апісана ў кнізе Сяргея Дубаўца «Гісторыя аднаго цуду».

Што робіць нованавернуты? Ён пачынае «ўдасканальваць» рэлігію.
Гэтаксама і з мовай. «Нованавернутыя» беларусы не давяралі звыклым школьным падручнікам. Яны былі цвёрда перакананыя, што сапраўдную, «клясычную» мову ад іх схавалі бальшавікі, і вучыцца трэба паводле граматыкі стогадовай даўніны. Бо праўдзівая мова — гэта не сучасная, выпраўленая ў часы БССР, а т.зв. тарашкевіца.
Эпоха, у якую ўзнікла тарашкевіца, — часы станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Яе можна і трэба параўноўваць з часамі Кантэміра і Ламаносава ў Расіі, Яна Каханоўскага ў Польшчы, Крысціёнаса Данелайціса ў Літве. Усе вышэйпамянёныя асобы, уключна з нашым Тарашкевічам, — першапраходцы, якія з цяжкасцю пракладвалі, пратоптвалі сцяжынкі ў нязведанае.
Магістралі збудуюць іншыя. Таму іх мова ніяк не магла быць дасканалай. Тарашкевіч рос і дзейнічаў, аточаны польскамоўнай атмасферай — гэтая мова гучала ўсюды: у палацах і касцёлах, у школах і на вуліцы. Што ж дзіўнага, калі нават Купала першыя вершы пісаў па-польску. Таму для іх усе гэтыя «валізкі», «філіжанкі» і «варункі» гучалі цалкам натуральна. Што там Купала — цяперашнія літоўцы з цяжкасцю разумеюць свайго Данелайціса, бо ягоная паэзія шчодра перасыпаная паланізмамі. А ўжо калі мовы блізкія… Звярніце ўвагу, як гавораць беларусы, што жывуць у расійскамоўным асяроддзі: яны самі не заўважаюць, што ўстаўляюць у гутарку бясконцыя «да», «то есть», кажуць «у АмерыКЕ», «у вёсКЕ», «з’явіЛся» (а адзін дзеяч увесь час казаў «Вось паеду ў АмерыЦУ»).
Праблему ўскладняе нізкі агульнакультурны ўзровень, няведанне замежных моваў. І нашы «адраджэнцы» шчыра прымаюць чыста польскія словы і выразы за «очань біларускія».
Памятаю, як мне аднойчы патэлефанаваў такі энтузіяст і ўзбуджана паведаміў: «Мы прыдумалі, як па-беларуску „бутэрброд!“ — І як?» — «Канапка!» Асабліва камічна, калі нават інтэлектуалы ўжываюць слова «выкшталцоны» ў сэнсе «изящный» («выкшталцоныя ногі») Між тым, wykształcony значыць «адукаваны». «Адукаваныя ногі» — праўда няслаба!

Трэба быць моўна глухім чалавекам, каб слых не рэзалі «райклюб», «клясны кіраўнік» ды іншыя. А такія словы-монстры, як «кубэрта», «сылюэт» проста крычма крычаць — «мы не вашы, мы чужыя!»

«Аднаклясьніца перад візытам у клюб „Ганалюлю“ спраўджвае кальготкі празь люпу», — праўда хораша! Як жа па-беларуску! І цягнуць, і цягнуць «пальшчызну» ў нашу бедную мову.
Ужо ніхто не кажа «курыць» — толькі «паліць». А мова не прымае, супраціўляецца, бо па-польску той, хто pali, — palacz. А па-беларуску — «паляч», «палач»? Між тым спрадвеку на Беларусі былі «курцы». «От накурылі, каб на вас шэрсць курэла!» — абураліся жанкі, заходзячы ў хату.
Чаго толькі не навыдумляюць «моватворцы» хатняй гадоўлі! Часам цяжка зразумець, што ж хацеў сказаць ягамосць. Адзін ужываў выраз «апярэдзіў палічыць».
І толькі з кантэксту можна было здагадацца што ён меў на ўвазе «предпочёл» — думае ж па-расійску! А «камандзёр», «камандыр», «вадаплаў»… «Шашаезда» і «небалёта» пакуль няма.

А «трунак» замест пітва, «ліквор» замест лікёру… І не падазраюць нават, што «ліквор» — гэта спіннамазгавая вадкасць, ласавацца якой могуць хіба што канібалы!

«Зупа» заместа поліўкі ці проста супу. «Далікатны», «ветлівы» — о не, некрасіва, трэба «гжэчны»! «Філосаф» — фу, які русізм! Трэба «філёзаЎ!» «Скрыначка» — што за дзеравеншчына! Трэба «пушка» або «пудэлка»…
І не «пляскаць», а «кляскаць»! А яшчэ «бэльбэтавыя штроксы»! «Маціцовая ўсмешка», «адслігаваныя ногі». А «мюзыкал» і «тэатар»…
Гэтак у савецкім войску «дзембелі» ўпрыгожвалі сваю форму рознымі аксельбантамі, шнурочкамі, дроцікамі і зорачкамі, кожны на свой густ. Ніяк не магу даўмецца, адкуль узялася «БаЎгарыя». Мо ўжо трэба казаць і «БаЎканы»? Гаворыць жа адзін дзеяч на «Свабодзе» «каЎгас»!
А «Сырыя» — гэта ад слова «сыр»? «Сібір» — фу, как грубa! Нада «СЫбір»!

Пацешыла нават суполка «Будзьма!» — на кампакт-дыску напісана, што там сярод іншага знаходзяцца «ПРЫШПІЛЬНЫЯ шпалеры»! Калі ачомаешся, даходзіць, што гэта «прикольные».

І так вось беларуская мова ператвараецца ў пасмешышча, сваю ўласную пародыю — нешта накшталт інтэрнэтнага «олбанского». І гэта ўсё не надае нашай мове папулярнасці.

Бяда не толькі з паланізмамі. Так, цяпер стала модна ўжываць «Летува» замест «Літва»: маўляў, сапраўдныя літвіны — гэта мы, а яны — «жмудзіны». «Эрудыты» не падазраюць, што Літва — не толькі Жамойць, але і Дзукія, Аўкштайція, Сувалкія. Да таго ж не ведаюць, дзе правільна ставіць націск, і кажуць ЛетУва замест ЛетувА… А яшчэ «сапраўдныя патрыёты» ўжываюць словы «летувіс», летувіска». Не згадваючы немілагучны «віск», трэба зазначыць, што «летувіска» — слоўны абсурд, аксюмаран. Бо ў літоўскай мове канчатак «ас», «іс» абазначае мужчынскі род. Жаночы, адпаведна, — «а», «е». Літоўка будзе «летуве» (lietuve). «Летувіска» мае абодва канчаткі — гермафрадыт, ці што? Адначасова і мужчына, і жанчына?

У любой жывой мове адбываецца несупынны працэс эвалюцыі, развіцця.
Абсурдам было б лічыць, што ў БССР мову толькі псавалі, а сапраўдная захавалася толькі на эміграцыі, якая ніколі не адмаўлялася ад «тарашкевіцы». Абноўлены правапіс не перашкодзіў Караткевічу, Быкаву, Барадуліну, Разанаву стварыць выдатныя творы, роўных якім дарэмна шукаць сярод эмігранцкай літаратуры. Як нельга двойчы ўвайсці ў адну раку, немагчыма стагоддзямі заставацца ў той самай плыні.
Нельга ў наш час пісаць моваю Я. Станкевіча, пры ўсёй павазе да ягонай дзейнасці. «Нацанальна ўсьведаміўшыся ў 1909 г., я пачаў усюдых запісаваць словы беларускія… Вызукаючы мову беларускую…» — і г. д. Той, хто цяпер «вызукае» беларускую мову, жыве ў іншую эпоху з іншымі патрабаваннямі.
Немагчыма ўявіць сабе артыкул пра Вялікі адронны калайдар, дзе б ужываліся словы «тутака», тамака», «гэны», «хворма».
Але не ўсё так безнадзейна. Вось, скажам, чытаеш найноўшую кнігу Алеся Бяляцкага — нічога не рэжа і не драпае ані слыху, ані вока.
Можам, калі захочам! Нават у нялюдскіх абставінах, за кратамі…

На вялікі жаль, нельга з упэўненасцю сказаць, што беларуская мова не знікне ніколі.

Дакладна толькі тое, што кожны з нас павінен зрабіць усё, каб яна жыла. А жыць — значыць глядзець не назад, а наперад, дасканаліцца і развівацца.

* * *

Алег Аблажэй — мастак, публіцыст, жыве ў Вільні.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?