Міліцыя просіць грамадзян дапамагчы ў пошуку кліента банка, якому касір памылкова выдала суму ў 10 разоў большую, чым неабходна. Яго фота з камер відэаназірання размешчана на сайце ГУУС Мінгарвыканкама.

У Цэнтральнае РУУС Мінска звярнулася касір філіяла банка, размешчанага на ждановіцкім рынку, з просьбай дапамагчы ў высвятленні асобы невядомага мужчыны, якому яна памылкова выдала буйную грашовую суму.

Інцыдэнт адбыўся сёлета каля 16 гадзін 18 мая. Мужчына падышоў да касіра, каб абмяняць 2.300 даляраў ЗША на беларускія рублі. Касір замест належнай сумы выдала суму ў рублях, эквівалентную 23 тысячам далярам ЗША. Мужчына забраў грошы і сышоў.
Нястача выявілася толькі праз некалькі гадзін.

Службай бяспекі банка канфіскаваны запіс з камеры відэаназірання, на якім выяўлены мужчына.

У гэтай сувязі міліцыя просіць адгукнуцца гэтага мужчыну або тых, хто яго пазнае. Са свайго боку банк таксама просіць кліента вярнуць грошы
і звяртаецца да грамадзян з просьбай даць інфармацыю, якая дапаможа ўстанавіць асобу мужчыны. За такую інфармацыю гарантуецца ўзнагароджанне.
Нагадаем, аналагічны выпадак адбыўся ў канцы сакавіка ў Фрунзенскім раёне Мінска.

Інцыдэнт адбыўся каля 10 гадзін 29 сакавіка ў філіяле аднаго з банкаў на вуліцы Прытыцкага. Мужчына мяняў 600 еўра на беларускія рублі. Касір замест належных 6,6 млн. рублёў выдала кліенту 60 млн. рублёў. Кліент забраў грошы і сышоў. Толькі праз гадзіну жанчына заўважыла буйную нястачу.

Вечарам 2 красавіка грамадзянін, якога адшуквала міліцыя, вярнуўся ў банк і вярнуў касіру розніцу ў грошах. Больш чым 50 мільёнаў рублёў вернута банку. Мужчына пажадаў застацца невядомым, толькі папрасіў касіра забраць заяву з міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?