21 траўня, невядомы патэлефанаваў на мабільны тэлефон Зміцера Ярмоленкі, прадставіўся супрацоўнікам КДБ і прапанаваў сустрэцца дзеля таго, каб паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы.

Хлопец ад сустрэчы адмовіўся, паведаміўшы, што яна адбудзецца толькі ў тым выпадку,калі ён атрымае на рукі афіцыйную позву.

Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў гэтым няма такой вострай неабходнасці, і ён можа прыехаць да размовы на працу ў Гарсвет, дзе працуе Зміцер, аднак сёння ён так і не з’явіўся.

Магілёўскі блогер паведамляе, што дзяржаўныя структуры зацікавілі ягоныя артыкулы пра валанцёрку з Нямеччыны, Марлену Хельш, якая ад верасня мінулага года да сярэдзіны траўня гэтага года працавала ў Магілёўскім фондзе “Блакітныя берагі” з дзецьмі дашкольнага ўзросту і людзьмі з абмежаваннямі.

Сама Марлена ўжо пакінула Беларусь, аднак інтарэс да яе асобы і публікацый на магілёўскім сайце «Свабодны фармат» у рубрыцы «Дзённік валанцёра» толькі ўзрос.

Варта адзначыць, што супрацоўнікі КДБ таксама тэлефанавалі ў Магілёўскі фонд «Блакітныя берагі» і пыталіся ў яе кіраўнічкі Святланы Пагірскай, ці ведае яна пра тое, што валанцёрка з Нямеччыны друкуе свае нататкі на сайце «Свабодны фармат».

У той самы дзень супрацоўнікі дзяржбяспекі патурбавалі сяброў Свабоднага прафсаюзу металістаў. Пра гэта паведамляе мясцовы прафсаюзны лідар Галіна Лісіцына. У прыватнасці, 21 траўня да яе завіталі супрацоўнікі КДБ, з якімі яна адмовілася размаўляць без позвы.

Днямі раней Галіне Лісіцынай давялося паразмаўляць з супрацоўнікамі дзяржбяспекі каля двух гадзін. Пытанні датычыліся дзейнасці прафсаюза, паездкам актывістаў у іншыя месцы, а таксама верагодным пераемнікам Галіны Лісіцынай на пасадзе прафсаюзнага каардынатара ў Магілёве.

Жанчына адзначае, што ў яе склалася ўражанне, што КДБ пра яе ведае болей, чым яна сама. Праз іх актыўнасць у яе з’явіліся праблемы ў сям’і.

Акрамя таго, Галіна Лісіцына кажа, што супрацоўнікі КДБ прыходзілі на працу яшчэ да адной актывісткі прафсаюза, прозвішча якой яна не пажадала агучваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?