Украіна і Беларусь маюць намер на працягу месяца вырашыць узаемныя праблемы ў гандлі, у тым ліку адносна экспарту і імпарту кандытарскіх вырабаў. Пра гэта заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка па выніках пасяджэння Міжурадавай украінска-беларускай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое прайшло 22 мая ў Кіеве.

«У нас няма дыскрымінацыі ў гандлі. Разам з тым не да канца разблакіравана пытанне па мяса-малочнай прадукцыі, па ўкраінскай кандытарскай прадукцыі, якая таксама ўваходзіць у харчовую групу. Але на працягу месяца гэтыя пытанні будуць вырашаны», — цытуе Сямашку агенцтва УНІАН.

Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь выказвае значную цікавасць да імпарту ўкраінскай прадукцыі металургіі, харчавання, сельскагаспадарчага насення, прадукцыі цяжкага машынабудавання, энергетычнага машынабудавання.

У сваю чаргу першы віцэ-прэм’ер Украіны Сяргей Арбузаў выказаў упэўненасць, што ўкраінскі і беларускі бакі знойдуць разуменне па пытаннях узаемнага гандлю. «Перспектывы нашых узаемаадносін вельмі высокія. Нашы ўзаемаадносіны на вельмі высокім узроўні. Толькі сёлета мы сустракаемся ўжо другі раз. Чакаецца сустрэча на ўзроўні прэм’ер-міністраў дзвюх краін і, магчыма, кіраўнікоў дзяржаў. Мы не можам не дамовіцца», — заявіў ён.

Нагадаем, праблемы з пастаўкамі ў Беларусь паўсталі ва ўкраінскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў у пачатку красавіка. Асацыяцыя «Укркандпрам», якая аб’ядноўвае ўкраінскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў, звярталася ва ўкраінскія органы ўлады. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, пытанне ўзнімалася падчас красавіцкіх перамоў членаў урада Украіны з Уладзімірам Сямашкам. «Беларускі бок абяцаў разабрацца і сітуацыю ўрэгуляваць, але час прайшоў, а ўкраінская кандытарская прадукцыя на беларускі рынак так і не паступае», — паведаміў тады прэзідэнт асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандр Балдынюк.

У пачатку мая першы віцэ-прэм’ер Украіны Сяргей Арбузаў даў абяцанне вырашыць праблему паставак украінскіх кандытарскіх вырабаў у Беларусь. «У нас плануецца сустрэча, міжурадавая камісія будзе працаваць. Я на наступным тыдні збяру ўсе пытанні і буду вырашаць з урадам Беларусі», — заявіў Арбузаў.

Тавараабарот Украіны і Беларусі ў 2012 годзе склаў 7,32 млрд. долараў. Па выніках першага квартала 2013 года тавараабарот склаў 1,35 млрд. долараў, што на 3,2% менш за паказчык аналагічнага перыяду 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?