Улады Беларусі плануюць у аднабаковым парадку спрасціць афармленне віз грамадзянам ЗША для ўезду з гасцявымі і дзелавымі мэтамі для «садзеяння развіццю міжасобасных кантактаў». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным Міністэрствам замежных спраў Беларусі ўвечары 22 жніўня.

Як адзначае намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі — начальнік аддзела прэс‑службы беларускага МЗС Марыя Ваньшына, «пасля выканання неабходных унутрыдзяржаўных працэдур будзе ўстаноўлены парадак, згодна з якім візы на ўезд з названымі мэтамі на тэрмін да 30 дзён грамадзянам ЗША, як правіла, будуць афармляцца без запрашэнняў і на падставе толькі запоўненых візавых анкет». «Гэты крок з’яўляецца актам добрай волі і пацвярджае дружалюбны характар беларускай знешняй палітыкі», — падкрэслівае М.Ваньшына.

Разам з тым, інфармуе яна, «у адказ на недружалюбныя дзеянні Злучаных Штатаў Беларусь будзе ажыццяўляць адпаведныя візавыя абмежаванні ў дачыненні да пэўных катэгорый амерыканскіх афіцыйных асоб».

Пры гэтым, як падкрэсліваецца ў паведамленні, «Беларусь захоўвае прынцыповую пазіцыю адкрытасці для ўзаемапаважлівага і раўнапраўнага дыялогу з ЗША».

Нагадаем, у пачатку жніўня Дзярждэпартамент ЗША ўвёў візавыя абмежаванні для новых катэгорый беларускіх чыноўнікаў. У гэты спіс трапілі чыноўнікі ўзроўню намеснікаў міністраў і вышэй або прыраўнаваныя да іх, генеральны пракурор і яго намеснікі, афіцэры МУС і КДБ у званні вышэй падпалкоўніка, супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў Мінскага гарадскога і абласных выканкамаў, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта і яго намеснікі, члены ЦВК і старшыні абласных выбарчых камісій, старшыні абласных і раённых судоў, старшыня Канстытуцыйнага суда, дырэктары дзяржпрадпрыемстваў і іх намеснікі, а таксама жонкі/мужы пералічаных вышэй чыноўнікаў.

Як адзначалася ў заяве пасольства ЗША, рашэнне аб пашырэнні спісу было прынята ў сувязі з тым, што праз год пасля ўвядзення візавых абмежаванняў у дачыненні да вышэйшых службовых асоб Беларусі «рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае заключаць пад варту і пераследаваць грамадзян за выказванні ў абарону дэмакратыі, правядзенне мірных дэманстрацый і выступленні супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?