Першы квартал гэтага года для прадстаўнікоў мясной прамысловасці быў цяжкім, фінансавы стан жывёлагадоўчых гаспадарак пагоршыўся — са стратамі працавалі 16 з іх.
Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення харчавання Мінсельгасхарчу Марыя Клімава 23 мая на семінары «Сучасныя тэндэнцыі ў тэхнічным рэгуляванні і кіраванні якасцю мясной прадукцыі» ў Мінску.

Паводле яе слоў, у цэлым галіна паводле вынікаў першага квартала спрацавала з нулявой рэнтабельнасцю, тады як за аналагічны перыяд 2012 года гэты паказчык склаў 6,1%. «Сур’ёзны ўплыў на фінансавы стан гаспадарак зрабіла ўваходжанне Расіі ў СГА і рост закупачных цэн на 20%. Аднак сёлета тэндэнцыя нарошчвання жывёлагадоўчай прадукцыі захаваецца», — зазначыла Клімава, дадаўшы, што колькасць мяса, якое спажываецца ў Беларусі на душу насельніцтва, складае 84 кг — ўдвая больш за сярэдняе сусветнае спажыванне.

Клімава паведаміла, што за першы квартал гэтага года рэалізавана мясапрадуктаў на экспарт 95,7 тыс. тон на 344,7 млн. долараў, або на 5,2% больш за леташні ўзровень. З іх 15,3 тыс. тон склаў экспарт каўбасных вырабаў з тэмпам росту 14,6% да мінулага года. «Асноўнай задачай у развіцці экспарту з’яўляецца вытворчасць прадукцыі з высокім дададзеным коштам — летась экспарт такой прадукцыі ўзрос у 2,4 разу», — сказала Клімава. Мінулым годам прадпрыемствамі мясной прамысловасці было выраблена таварнай прадукцыі на 5,7 трлн. рублёў, на 21% вышэй за ўзровень 2011 года.

Аднак геаграфія паставак, падкрэсліла яна, вымагае дыверсіфікацыі — амаль уся беларуская прадукцыя пастаўляецца на расійскі рынак. У той час як у Расіі прыняты праграмы, згодна з якімі пастаўлена задача забяспечыць патрэбы краіны ў мясе птушкі і свініне за два і чатыры гады адпаведна. «Іх рэсурсы дазваляюць усё гэта зрабіць», — рэзюмавала Клімава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?