Хата, з якой спецслужбы забралі ўсю сям'ю, цяпер стаіць пустая.

Хата, з якой спецслужбы забралі ўсю сям'ю, цяпер стаіць пустая.

Людміла Пастаялка трапіла ў высокую ўладу.

Людміла Пастаялка трапіла ў высокую ўладу.

Украінскія партызаны хадзілі па лясах да пачатку 1950-х.

Украінскія партызаны хадзілі па лясах да пачатку 1950-х.

9 сакавіка 2007 года ў канцэртнай зале «Мінск» наменклатурная эліта развітвалася з Людмілай Пастаялкай. Вянок ад кіраўніка дзяржавы, ганаровая варта, салют з артылерыйскай зброі, выкананне дзяржаўнага гімна… Памерлую пахавалі на самых прэстыжных Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска.

Людміла Андрэеўна ў 2002—2005 была міністрам аховы здароўя Беларусі, потым ачольвала камісію савета рэспублікі. Яе дачку Ірыну Абельскую, прыгожую маладую жанчыну, у 1994 выбралі на адказную пасаду — быць асабістай доктаркай першага прэзідэнта Беларусі. Пасля Аляксандр Лукашэнка прызначыў яе кіраваць Лечкамісіяй — бальніцай у цэнтры сталіцы для наменклатурнай эліты.

Тады, у 2007, Ірына ішла за труной разам з блізкімі сваякамі. Яе брат, Андрэй Пастаялка, раз-пораз узгадваецца ў прэсе. Вось ён абараніў у Расіі кандыдацкую медыцынскую дысертацыю, вось ён працуе ў аддзяленні прамянёвай дыягностыкі ў Лечкамісіі, якую ўзначальвае сястра…

У той жа час іх бацька, Сцяпан Пастаялка, заставаўся па-за ўвагай. Імя ягонага поўнага цёзкі мы раптам выпадкова сустрэлі ў спісе ахвяр сталінскіх рэпрэсій: «Сцяпан Пастаялка, вёска Батарэя Бярозаўскага раёна, асуджаны на 25 гадоў за «антысавецкую дзейнасць», рэабілітаваны».

Ці ён гэта? А калі менавіта ён, што хаваецца за гэтымі кароткімі радкамі, якія суха апісваюць чалавечы лёс, паламаны савецкай дыктатурай?

Карэспандэнты «НН» выправіліся ў Батарэю, каб спраўдзіць звесткі і даведацца ад мясцовых жыхароў падрабязнасці тых трагічных падзей.

«Антысавецкая дзейнасць»
У студзені-сакавіку 1952 у Бярозаўскім раёне органы МГБ праводзяць масавыя арышты вяскоўцаў, схоплена 11 чалавек.

Заводзіцца крымінальная справа. 31 сакавіка 1952 выносіцца хуткі прысуд. Сям’і Драгуноў з Лявошак прыпісваюць здраду радзіме — удзел у Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Астатніх — сям’ю Пухоўскіх і Мікалая Дземідовіча з Вялікага Міжлесся, а таксама сям’ю Пастаялак з вёскі Батарэя — абвіначваюць у антысавецкай дзейнасці.

Дзевяць чалавек атрымліваюць стандартны вырак — 25 гадоў выпраўленчых лагераў з канфіскацыяй маёмасці. Пасля тэрмін скарачаюць да 10 гадоў.

Зусім хутка асуджаных раскідваюць па ўсім СССР. Хтосьці адбывае пакаранне ў Архангельскай вобласці, кагосьці закідваюць у Карагандзінскую вобласць, а некага ажно ў Магадан…

Даволі частая гісторыя для Заходняй Беларусі 1940—1950-х, дзе працягваецца змаганне беларусаў, украінцаў і палякаў з савецкай уладай. На Берасцейшчыне наймацнейшым было ўкраінскае падполле. Менавіта яму дапамагалі і Пастаялкі.

1952 год быў часам, калі спецслужбы дабівалі апошнія падпольныя групы, якія пратрымаліся найдаўжэй.

Найлепшы дом — у Пастаялак
Вёска непадалёк ад Бярозы расцягнулася на некалькі кіламетраў, але жыхароў тут няшмат.

Засталося не больш за 40 чалавек. Пераважна гэта адзінокія старыя. Ёсць толькі шэсць сем’яў, дзе жывуць дзед з бабай… Многія хаты пустуюць, бо яшчэ ў 1970-я тут жылі больш за 200 чалавек.

Даведаўшыся, што мы шукаем Сцяпана Пастаялку ці хаця б ягоных сваякоў, вяскоўцы кіруюць нас у цагляную хату — найлепшую ў Батарэі. Тут жыве разам з мужам Марыя, сястра Сцяпана.

Яна пацвярджае, што трагедыя здарылася менавіта з яе сям’ёй, і з горыччу расказвае пра цяжкі лёс сваіх бацькоў і братоў.

Трое сваіх і трое чужых

Яе бацька, Мікалай Лукашавіч Пастаялка, нарадзіўся і жыў у Батарэі ад пачатку стагоддзя. «Зямлі ў нас было нямнога, таму бацькі з радасцю запісаліся ў калгас», — узгадвае Марыя.

Мікола падчас Другой сусветнай вайны дайшоў да Германіі, быў двойчы паранены, аднак на гэты факт савецкі суд пасля нават не паглядзеў. Ягоная жонка Ганна была аднагодкай мужа — яны нарадзіліся ў 1903.

Старэйшы Анатоль, сярэдні Сцяпан ды малодшая Марыя былі роднымі дзецьмі. Але, апроч іх, у сям’і гадаваліся яшчэ трое пляменнікаў. У вайну Ганна ўгаварыла немцаў аддаць дзяцей ёй, калі бацькоў малых расстралялі ў кляштары ў Бярозе.

Госці, ад якіх не адмовішся
Бяда прыйшла ў хату Пастаялак у студзені 1952 у выглядзе супрацоўнікаў дзяржбяспекі. «Забралі ўсіх, — узгадвае трагічны год Марыя. — Спачатку арыштавалі старэйшага брата Анатоля. Праз пяць дзён — тату і Сцяпана, а ў сакавіку яшчэ і маму.

Была страшэнная завіруха, такая, што машына не магла праехаць. Дык за мамай на конях прыскакалі і забралі».

На свабодзе засталася толькі 14-гадовая Марыя.

Пастаялак, як і жыхароў суседніх вёсак, вінавацілі ў дапамозе партызанам.

У чым была тая дапамога? Хтосьці падтрымліваў падпольшчыкаў з прынцыпу, бо быў супраць савецкай улады і за незалежнасць. Хтосьці проста не рызыкаваў адмаўляць людзям са зброяй.

Чаму савецкія ўлады пакаралі менавіта сям’ю Пастаялкаў і чаму партызаны прыйшлі менавіта да іх? Адказ на гэтае пытанне трэба шукаць у архівах КДБ. Дай Бог, каб і Сцяпан Пастаялка пакінуў успаміны пра той час.

«Браты вучыліся ў Бярозе ў дзесяцігодцы. Недзе там іх сябры пазнаёмілі з украінцамі, — расказвае Марыя. — І тыя пасля прыйшлі да нас на пару дзён.

Мама з татам дрыжэлі, каб ніхто не пабачыў, бо гэта ж верная смерць была б… Пасля гэтых украінцаў недзе злавілі. Тыя і выдалі, дзе спыняліся. Не ўсіх, але пра некаторых расказалі. Хлапцоў па вёсках адразу і паарыштоўвалі», — узгадвае яна.

Хто вінаваты?

«Пакінулі мяне малую адну, толькі цётка трошкі дапамагала. У хаце не засталося нічога — забралі і клуню, і карову, і швейную машынку, — нават праз 60 гадоў не можа стрымаць слёз Марыя. — І гэта ўсё за тое, што ўкраінцы ў нас некалькі дзён пабылі… Яны нават не начавалі, а ўдзень адпачывалі».

«Самостійна Украіна», «самостійна Украіна»… Каб тыя палітыканты прапалі да таго, як да нас прыйшлі! — плача цётка Марыя — Колькі мы з­-за іх намучыліся, і здароўе згубілі… Братоў на допытах білі, каб прызналіся».

«Гэта ўсё рабілі Сталін і Берыя. Колькі відных людзей перастралялі, вучоных…» — разважае яе муж Уладзімір.

А жонка вінаваціць саміх партызанаў. «Усе жылі ціха, спакойна… А яны прыйшлі з ружжамі, вось і нарабілася бяды».

Раскіданае гняздо
Бацьку адправілі ў канцлагер у Омскую вобласць, ягоную жонку — у Карагандзінскую вобласць.

Нават з катаргі яны стараліся дапамагчы дачцэ, якая засталася адна. «Тата прысылаў грошы, а мама збірала пасылкі», — узгадвае Марыя.

Што здарылася з няроднымі дзецьмі? Дарослы з’ехаў у Ленінград, сярэдняга забралі іншыя сваякі, а меншы застаўся на ёй, 14-гадовай… Праз некаторы час малое дзіця давялося аддаць у прытулак. Пасля ён стане вайскоўцам.

Доўгая дарога дадому
Сталіну застаецца жыць нядоўга, але вызваленне асуджаных вяскоўцаў-палітвязняў расцягваецца на доўгія чатыры гады. Сям’ю Пастаялкаў адпускаюць улетку 1956. Аднак на радзіму вяртаюцца не ўсе.

Старэйшы сын Анатоль, які адбываў свой тэрмін у Ніжнеілімску Іркуцкай вобласці, для бяспекі вырашае там і застацца. Тады было памятна, як у сталінскія часы вызваленых вязняў на радзіме арыштоўвалі зноў і зноў. Ён нарадзіўся ў 1930, а перад арыштам паспеў скончыць Міжлескую сярэднюю школу, уступіць у камсамол і папрацаваць бухгалтарам.

У Ніжнеілімску Анатоль знайшоў працу, а пасля і ўзяў шлюб. Вяртанне дадому расцягнулася для яго больш чым на 30 гадоў.

Памерла жонка-­сібірачка, і ён вярнуўся ў Батарэю, пасяліўшыся каля бацькавай хаты. Дзяцей у пары не было. Некалькі гадоў Анатоль пажыў адзін, а пасля ажаніўся з іншай «палітычнай», Марыяй Пухоўскай. У пачатку 1950¬х іх абвінавачвалі па адной «антысавецкай» справе.

Лёс Марыі таксама быў гатовым сюжэтам для шматсерыйнай меладрамы. Дзяўчына падчас следства ледзь-­ледзь паспела стаць паўналетняй, таму таксама атрымала жорсткі вырак — 25 гадоў. Пасля амністыі вырашыла застацца ў Казахстане, дзе і адбывала пакаранне. І толькі калі муж памёр, яна пакінула дарослых сына і дачку і паехала на малую радзіму.

Тут яны і вырашылі жыць разам з Анатолем. Калі ён памёр, саслабелая Марыя зноў паехала ў Казахстан — да дзяцей, дый засталася там.

Што ў абвінавачанні?
Сцяпан на 1952 год скончыў Бярозаўскую сярэднюю школу, уступіў у камсамол і пачаў жыць асобна ад сям’і ў райцэнтры.

Судзілі хлопца разам з бацькамі і братам. 19-гадовага юнака адправілі ў канцлагер у Нарыльску.

У ягоным прысудзе пазначаныя артыкулы 63-1 і 76 Крымінальнага кодэкса 1928 года.

Першы з іх азначае «здраду радзіме, г. зн. дзеянні, здзейсненыя … на шкоду ваеннай моцы СССР, яго дзяржаўнай незалежнасці ці недатыкальнасці яго тэрыторыі».

Артыкул 76 мае шырэйшую трактоўку. Ён прадугледжвае ўдзел у арганізацыі ці падрыхтоўцы любых «контррэвалюцыйных» дзеянняў — ад шпіянажу да дапамогі сусветнай буржуазіі.

Украінская нявеста
Сцяпан вярнуўся ў Беларусь самым першым. Ён пасяліўся ў Брэсце ды пачаў працаваць на «Брэстэнерга».

Даслужыўся да кіраўнічых пасад.

Пастаялкі былі рэабілітаваныя 29 ліпеня 1992 года рашэннем прэзідыума Брэсцкага абласнога суда. Тады ўжо згінуў Савецкі Саюз, супраць якога яны і змагаліся ў маладосці.

Марыя расказвае гісторыю кахання Сцяпана з будучай міністаркай. Ягоны сябар вучыўся ў Кіеве. Сцяпан прыехаў да яго ў госці ды пазнаёміўся са студэнткай Кіеўскага медыцынскага інстытута Людмілай. Яна была простай вяскоўкай — нарадзілася на Палтаўшчыне.

Шлях у міністры

Атрымаўшы адукацыю, у 1964 Людміла пераязджае ў Брэст і становіцца ўчастковым педыятрам у дзіцячай паліклініцы. Праз дзевяць гадоў яе перавялі ў абласную бальніцу. У гэтай установе яна працавала ажно да 2001, дайшоўшы да пасады галоўнага доктара.

Пасля Аляксандр Лукашэнка выклікае Людмілу ў Мінск — кіраваць міністэрствам. Разам з ёй пераязджае і муж, тады ўжо пенсіянер. Пасля смерці жонкі ён застаўся ў сталіцы — там і дзеці, і ўнукі. Але ў Батарэю штогод прыязджае. «Як здароўе дазваляе», — прызнаецца яго сястра.

Марыя дастае альбомы са здымкамі сваякоў. Па дзіўным супадзенні, знаходзяцца фоты ўсіх, апроч Сцяпана. Яшчэ раз паглядзеўшы на здымкі бацькоў і расплакаўшыся, Марыя просіць не друкаваць іх — маўляў, не трэба варушыць нябожчыкаў. Страх і праз 60 гадоў не адпускае ахвяраў.

…Мы хацелі даць слова і самому Сцяпану Пастаялку. Аднак і ён вырашыў не ўзгадваць мінулае. На наш званок на мабільны тэлефон ён ветліва, але настойліва прамовіў: «Што було, то було» — ды паклаў слухаўку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0