14 жніўня

Назад у Кастрычніцкі

Скарга Юрася Алейніка, адлічанага з чацьвёртага курсу Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, будзе разгледжаная 28 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Кастрычніцкага раёну падчас папярэдняй гутаркі з зацікаўленымі бакамі. Адвакат Ю.Алейніка Ларыса Атаманчук настойвае на адмене загаду аб адлічэньні.

Бунтаўцамі цікавяцца

На допыты ў менскую гарадзкую пракуратуру выклікаюць сяброў незарэгістраванага руху «Бунт». Праваабаронцы не выключаюць, што ў хуткім часе можа быць пачатая новая крымінальная справа. Паводле словаў выкліканых, сустрэчы ў пракуратуры ладзяць кадэбісты. У часе гутарак у сябраў руху цікавіліся арганізацыяй працы сайту і крыніцамі інфармацыі, што на ім разьмяшчаецца.

На берасьцейскай мытні

Супрацоўнікі Берасьцейскай мытні канфіскавалі ў сакратара аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніса Садоўскага дыскі з інфармацыяй пра сталінскія рэпрэсіі і тэкстам твораў Васіля Быкава, а таксама інфармацыйныя матэрыялы кампаніі па абароне права на свабоду сумленьня.

У Магілёве аблога

У Магілёве міліцыянты сарвалі сэмінар прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў з удзе¬лам замежных партнэраў, які ладзіўся на прыватнай кватэры. Грамадзяне Польшчы пасьля трох гадзінаў аблогі пагадзіліся прадставіць дакумэнты для праверкі.

16 жніўня

У Полацку

У акцыі Салідарнасьці ўзялі ўдзел каля 15 чалавек. Столькі ж людзей прыйшлі маральна іх падтрымаць. Прысутныя нагадалі гараджанам імёны зьніклых у Беларусі палітыкаў і журналістаў. Ніхто ня быў затрыманы.

У Жлобіне

У цэнтры гораду зьявіліся расьцяжкі «Свабоду Дашкевічу!» і «Рэпрэсіі нас ня спыняць».

У Салігорску

Моладзь Выйшла на плошчу з партрэтамі Зьмітра Дашкевіча.

У Магілёве

Актывісты распаўсюджвалі праваабарончыя бюлетэні і малявалі палітычныя графіці на асфальце.

Моладзь падтрымала

Акцыю салідарнасьці з палітвязьнем правялі актывісты грамадзянскай кампаніі «Jeans за свободу». Моладзь сабралася ля пад`езду дому, дзе жыве сям’я Аляксандра Казуліна.

17 жніўня

Сасіму далі

Затрыманаму ў Дзень Салідарнасьці Мікіту Сасіму суд Цэнтральнага раёну Менску адмераў 10 сутак арышту за «дробнае хуліганства».

19 жніўня

Роварная карыда зь бел‑чырвона‑белымі сьцягамі

Салігорскія актывісты 19 жніўня, выехалі на роварах з прымацаванымі да багажнікаў бел‑чырвона‑белымі сьцягамі у цэнтар Салігорску.

Велаакцыя пачалася ля будынку суду, дзе мае адбыцца працэс над мясцовым маладафронтаўцам Іванам Шылам.

Пасьля маладафронтаўцы пераехалі на цэнтральную плошчу і пасьпелі аб’ехаць яе зь дзясятак разоў перад тым, як прыехала міліцыя.

Удзельнікаў акцыі ўзялі ў кола й пачаліся затрыманьні, як піша Saligorsk.org, з пагонямі на аўтамабілях, перахопамі і блякаваньнем цэлых раёнаў.

Затрымалі Віктара Гаргуна, у якога былі пры сабе вуды, паводле міліцыянтаў, менавіта тыя, да якіх чапляліся сьцягі, а таксама Івана Шылу. Апошняга, паводле Saligorsk.org, па дарозе ў пастарунак зьбілі: твар быў крыві, на целе некалькі крывападцёкаў. Івана Шылу абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы й непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі.

20 жніўня

РНЕ пагражае Мірону

Чацьвёра актывістаў віцебскай гарадзкой арганізацыі КХП БНФ Барыс Хамайда, Ян Дзяржаўцаў, Сяргей Каваленка і Ян Таўпыга атрымалі лісты з пагрозамі ад незарэгістраванай арганізацыі РНЕ. Да кожнага з адрасатаў невядомыя зьвярнуліся як да «Мірона». Фашыстоўцы пагражаюць «Мірону» расправай у выпадку, калі над Віцебскам яшчэ раз зьявіцца бел‑чырвона‑белы сьцяг. У праваахоўныя органы зьвярнуўся толькі Ян Дзяржаўцаў. Лісты з пагрозамі ад РНЕ ў розны час летась атрымалі рэдакцыя незалежнай газэты «Витебский курьер», старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская і загадчыца літаратурнай часткай Коласаўскага тэатру Вікторыя Дашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0