У Камянецкім раёне каля пасёлка Белавежскі ратавальнікі выцягнулі аператара водазабору, які ўпаў у калодзеж.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, у калодзеж 48-гадовы мужчына ўпаў днём 24 мая, калі праводзіў работы па яго ачыстцы.

Ён спускаўся па стацыянарнай металічнай лесвіцы, якая зламалася. У выніку работнік апынуўся на дне калодзежа, глыбіня якога складае сем метраў. Самастойна выбрацца адтуль мужчына не змог. Да месца здарэння было адпраўлена аддзяленне пажарнай аварыйна-ратавальнай часці Камянецкага раённага аддзела па НС.

«Работнікі МНС з дапамогай вяровак выцягнулі аператара. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі ён дастаўлены ў Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу з папярэднім дыягназам «закрыты пералом рэбраў», — дадаў Машноў.

З пачатку гэтага года гэта ўжо трэці выпадак, калі ратавальнікі выцягваюць з калодзежа чалавека. 26 студзеня ў Камянецкім раёне на хутары каля вёскі Сушкі ў неэксплуатаваны засыпаны снегам калодзеж упаў 20-гадовы брэстаўчанін. Ён не пацярпеў. 2 мая ў Баранавічах у калодзеж з вадой, размешчаны ў двары дома, упала 72-гадовая пенсіянерка. Яна была шпіталізаваная ў гарадскую бальніцу з дыягназам «агульнае пераахаладжэнне арганізму».

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?