На тэрыторыі замка вядуцца рэстаўрацыйныя працы. Быў зняты ахоўны каркас і дах, які накрываў вежу апошнія 20 гадоў. Няўзброеным вокам бачныя велізарныя расколіны ў контрфорсах вежы, а яе стан спецыялісты ацэньваюць як крытычны.

Пры гэтым з 2010 года праводзіцца і латарэя «Скарбніца», амбіцыйнай мэтай якой з’яўляецца «атрыманне дадатковых сродкаў на рэканструкцыю і рэстаўрацыю Навагрудскага замка». На афіцыйным сайце латарэі арганізатары параўноўваюць набыццё аднаго латарэйнага квітка з купляй «двух цаглін для рэстаўрацыі». Разам з тым рэальныя працы па ўмацаванні грунтоў пад аварыйнай вежай былі пачатыя толькі зімой 2013 года.

«Салідарнасць» даведалася меркаванне экспертаў з нагоды рэканструкцыі замка ў Наваградку, а таксама перспектыў яго захавання.

Экс-старшыня моладзевага грамадскага аб’яднання «Гісторыка» Зміцер Рагачоў:

— Навуковы кіраўнік рэстаўрацыі, напэўна, распавядзе больш, але рэстаўрацыяй Навагрудскага замку займаецца тая ж «Белрэстаўрацыя», якая аднаўляла палац Радзівілаў ў Нясвіжы. Падчас рэстаўрацыі Нясвіжскага палаца хапіла ляпаў, а вакол сітуацыі з Навагрудскім замкам было шмат шуму, збору сродкаў, правядзенне латарэі, а ў выніку маем няўцямную дзейнасць і тое, што замак знаходзіцца ў аварыйным стане.

Спецыяліст па рэстаўрацыі, які пажадаў застацца невядомым:

— У Навагрудку пачатыя рэстаўрацыйныя мерапрыемствы. Стан Касцёльнай вежы аварыйны. Яна можа абрынуцца ў любы момант. З іншага боку, каб не вялося рэстаўрацыйных працаў, вежа упала б раней. Паверце, гэта вельмі рызыкоўная праца — закранаць старыя руіны. Кансервацыйныя рэштаванні былі зладжаныя навуковым кіраўніком рэканструкцыі замка Сяргеем Друшчыцам у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Зараз у рамках праграмы «Замкі Беларусі» распачатая далейшая рэстаўрацыя замка, але час бязлітасны і Касцельная вежа можа абрынуцца ў любы момант. Кансервацыя мусіць затрымаць гэты працэс, але наколькі канчаткова, цяжка прагназаваць.

На разбурэнне замка ўплывае вельмі шмат фактараў. Мяняецца грунт, а разам з ім і схіл. Пасля кансервацыі касцельнай вежы будзе абавязкова праведзена дадатковае ўмацаванне схіла. Паводле праграмы «Замкі Беларусі» праект мусіць быць завершаны ў 2013 годзе.

Навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Навагрудскага замка Сяргей Друшчыц:

— Замак знаходзіцца ў аварыйным стане з 1907 года. Кантрафорсы, у якіх вы заўважылі расколіны, ужо 20 гадоў не трымаюць касцёльныя вежы. Іх абследаванне, таксама праведзенае два дзесяткі гадоў таму, паказала, што яны знаходзяцца ў нездавальняючым стане.

Для захавання вежы мы зрабілі часовы дах і пачалі першачарговыя супрацьаварыйныя працы. Фінансаванне скончылася і працы былі спыненыя. Цяпер, у рамках праграмы «Замкі Беларусі», яны зноў пачатыя. Узімку 2013 было праведзена ўмацаванне грунтоў. Зроблена парадку 100 свідравін, вядзецца падрыхтоўка да кансервацыйных работ. Менавіта для іх зручнасці дэмантаваны часовы дах. У 2013 годзе плануецца правядзенне ўсіх рэканструкцыйныя і кансервацыйных работ.

— Ці ёсць рызыка абвальвання Касцельнай вежы?

— У такім рэчышчы можна наогул не размаўляць, таму што існуе такое паняцце, як «накаркаць». Вежа аварыйная. Калі вы звярталі ўвагу, на замку ўстаноўлены таблічкі, якія папярэджваюць, што гуляць каля руінаў небяспечна для жыцця. На тэрыторыі замка могуць знаходзіцца толькі спецыялісты, якія займаюцца рэканструкцыяй. У 1706 вежа была падарваная шведамі, і за ўвесь гэты час спроба яе рэканструкцыі прадпрымалася толькі аднойчы. Ёсць шматлікія расколіны ўнутры сцен, ёсць пытанні па трываласці грунтоў пад вежай.

— У якім стане знаходзіцца вежа Шчытоўка?

— Шчытоўка знаходзіцца ў лепшым стане. У пяцігадовым плане яе рэканструкцыі таксама прадугледжваецца стварэнне маленькага музея.

— Наколькі дапамагла ў зборы сродкаў на рэстаўрацыю замка латарэя «Скарбніца»?

— Цяжка ацэньваць аб’ём сабраных сродкаў. Асноўная дапамога ў рэканструкцыі замка выдзелена ў рамках праграмы «Замкі Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?