Каля 25 удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы, затрыманых ноччу 24 сакавіка, былі сёньня дастаўлены з Жодзіна ў Заводзкі суд Менску.

Затрыманых прывезьлі ў Заводзкі суд спэцыяльным міліцэйскім транспартам – аўтазакам і аўтобусам. Іх суправаджала восем амапаўцаў у чорным адзеньні. Выводзілі актывістаў па адным – некаторых з завязанымі рукамі. Сваякі, сябры і аднадумцы ўдзельнікаў акцыі былі ўражаны гэтым відовішчам – іх ахоўвалі як небясьпечных крымінальных злачынцаў. Гаворыць хатняя гаспадыня зь Менску Ціна Палынская, якой удалося пазнаць некаторых знаёмых:

(Палынская: ) «Там дакладна былі Таня Сьнітко, Сьвета Станкевіч і Надзея Сянкевіч. Алі Сідаровіч няма. Значыць, яна недзе ў іншым месцы. Сянкевіч была без кайданкоў, а Станкевіч у кайданках. Я ўбачыла кайданкі».

Усе, хто прыйшоў прывітаць затрыманых, спадзяваліся пабываць на судовым паседжаньні. Аднак кіраўніцтва суду і міліцыянты не дазволілі прысутнічаць пры разглядзе справаў ні журналістам, ні праваабаронцам, ні бацькам удзельнікаў акцыі.

Спаткацца з журналісткай «Нашай Нівы» Тацянай Сьнітко прыйшлі яе сястра Натальля і муж Зьміцер Гарбуноў. Аднак апошняга міліцыянты груба выгналі з будынку суду, што вельмі абурыла спадара Гарбунова:

(Гарбуноў: ) «Я падышоў да жонкі сказаць, што дома ўсё нармалёва зь дзецьмі, а мне: «Ідзі адсюль!». Хіба гэта людзі? На якой падставе такое адбываецца? Гэта адміністрацыйна затрыманыя людзі».

(Карэспандэнт: ) «Ці вядома, колькі ёй прысудзілі сутак?»

(Гарбуноў: ) «Мы ня ведаем. Яна сядзела і чакала там каля кабінэту. Яе прывялі туды наверх».

Актывістцы каманды Мілінкевіча Галіне Кастыленцы ўдалося атрымаць прозьвішчы некалькіх жыхароў намётавага гарадка і даведацца пра вынікі разгляданых справаў:

(Кастыленка: ) «Шыла, Станкевіч (хлопец), Цераб, Скарабагаты, Хандога (можа быць, недакладнае прозьвішча), Івановіч, Шыманскі, Хамееў, Цімафееў, Чыкмароў – так, яны казалі свае прозьвішчы. Некалькі чалавек прайшлі – відаць, ім далі ўказаньне не называць прозьвішчаў. Альбо, можа, стомленыя дзеці. Шэйко Дзяніс – 15 сутак. Станкевіч (хлопец) – 15, кажу, бо ёсьць і дзяўчына Станкевіч. Скарабагаты – 15 сутак».

Аднаму са сваякоў, якога прынялі за міліцыянта ў цывільным, удалося падглядзець, як судзілі затрыманых. Паводле яго словаў, іх ставілі тварам да сьцяны, а амапаўцы гаварылі судзьдзі, пры якіх абставінах іх затрымалі. Не ўдалося патрапіць на закрытыя паседжаньні і праваабаронцу Ўладзімеру Лабковічу, які так пракамэнтаваў Радыё Свабода ўбачанае ў Заводзкім судзе:

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0