Зрабіць гутарку з Аляксандрам Мілінкевічам хацелася ўжо даўно, але неяк усё не выпадала. Гэтым разам зьявілася магчымасьць схадзіць з экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта на футбол Беларусь – Ізраіль. Матч, канечне, не вырашальны, але ісьці зьбіраўся ў любым выпадку, таму ня стаў упускаць магчымасьці пагутарыць зь Мілінкевічам. Зрэшты, наша размова ня стала клясычнай гутаркай. Усё ж уключаць дыктафон на стадыёне бессэнсоўная справа.

«За спартовымі спаборніцтвамі я сачу зь дзяцінства. Помню, як вёў сшыткі, дзе запісваў вынікі матчаў чэмпіянату СССР па футболе. Памятаў лікі кожнай гульні. Балеў, натуральна, за менскае «Дынама». Калі пачалося першынство незалежнай Беларусі, то перажываць стаў за гарадзенскі «Нёман». Футбол заўсёды займаў у маім жыцьці важнае месца. Раней неяк часьцей атрымлівалася хадзіць на стадыён, цяпер, на жаль, радзей. Гляджу футбол па тэлевізары, калі добры і прыгожы футбол, то нават жонка можа паглядзець. Апошні раз на стадыёне быў, напэўна, гадоў дзесяць таму. Затое стала хаджу на баскетбол, хакей».

У гэты самы момант нападнік «Гомелю» Раман Васілюк па-майстэрску абыграў у штрафной абаронцаў і брамніка ізраіліцянаў і адкрыў лік. Мілінкевіч разам з усім стадыёнам падхопліўя са свайго крэсла, каб аддзячыць хлопцаў за такі добры пачатак.

«Далібог, не чакаў, што ўсё так добра пачнецца. Я заўсёды любіў яркі атакуючы футбол. Такі, як паказваюць галяндцы, ангельцы, французы. Любімай камандай на ўсе часы застанецца амстэрдамскі «Аякс», калі за яго гуляў Ёган Круіф. Неяк пашанцавала наведаць у Лёндане гульню паміж «Тотэнхэмам» і «Фулхэмам». Уражаньні неперадавальны. Паўнюткая чаша стадыёна, якая проста жыве гульнёй – гэта фантастыка. Я не скажу, што кепска балеюць у нас, але ўзровень гульні яшчэ ня той. Футбол – гэта бізнэс, у яго мусяць ісьці вялікія інвэстыцыі. У нас жа няма людзей, якія гатовыя ўкладваць у футбол грошы і гэта яго бяда. Калі я быў прэзыдэнтам баскетбольнай «Горадні-93», то фактычна ўся каманда трымалася на адным чалавеку – бізнэсоўцу Аляксандру Талканіну, які нас спансіраваў. «Горадня» тады на галаву перарасла беларускі чэмпіянат. Пасьля на Талканіна пачаліся нейкія наезды падаткавікоў, міліцыі. Чалавек быў вымушаны зьехаць у Аўстрыю, дзе жыве і цяпер. Як бачым, і «Горадня» даўно ўжо не станавілася чэмпіёнам».

Усё той жа настырны Раман Васілюк ізноў прарываецца да штрафной гасьцей і б’е, але побач са штангай, прымушаючы Мілінкевіча схапіцца за галаву.

«Беларусь ня самая багатая краіна. Таму думка, што варта разьвіваць усе віды спорту троху ўтапічная. Я лічу, што стаўку трэба рабіць на тыя віды спорту, дзе мы маем добрых трэнэраў і традыцыі – лёгкая і цяжкая атлетыка, плаваньне, фэхтаваньне, валейбол, баскетбол, біятлён, футбол, гандбол, хакей. Грошы трэба ўкладваць у дзіцячыя школы, я добра ведаю ў якіх цяжкіх умовах яны знаходзяцца».

Нехта з заяўтараў, заўважаючы Мілінкевіча выгуквае: «Жыве Беларусь!» Сьледам за ім пачынае скандаваць увесь чатырнаццаты сэктар. Міліцыя прыпадымаецца зь месцаў, але ніяк не рэагуе.

«Дробязь, а прыемна. На трыбунах ёсьць людзі, якія прыйшлі з чырвона-зялёнымі сьцягамі, але гэта 100-працэнтныя патрыёты. Я лічу, што ім проста не пашанцавала прачытаць патрэбную кнігу, не пашанцавала з настаўніцай. Ім трэба тлумачыць, што такое бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоня, гісторыю нашай краіны. У гэтым і заключаецца наша задача».

Тым часам Ян Цігараў парушае правілы на прыежджым футбалісьце ва ўласнай штрафной. Гершон з адзінаццацімэтровай адзнакі быў трапным – 1:1.

«Усё адно прарвёмся. А чаму не гуляе Кутузаў? Зразумела. Нараджэньне дзіця сапраўды важная справа для кожнага мужчыны. У Беларусь было і ёсьць шмат добрых спартоўцаў. Згадаю толькі двух – Івана Едэшку і Аляксандра Курловіча. Зь першым мы сышліся на глебе любові да баскетболу. Некаторы час ён нават кансультаваў «Горадню-93». Я быў у ягонай маскоўскай кватэры, прыяжджаў угаворваць стаць трэнэрам каманды, але ён не пагадзіўся, бо не ягоны ўзровень. Гэта сапраўды прафэсіянал і выдатны чалавек. Кантактаваць зь ім было заўсёды ў асалоду. Саша Курловіч быў маім студэнтам, ён таксама фізык. Памятаю, што неяк да мяне прыйшоў трэнэр па гімнастыцы, які адпрашваў Курловіча з заняткаў. Я прыняў гэта ў штыкі, як можна, фізыка самы важны прадмет! А ён мне: «Саша, вось убачыш гэты хлопец стане алімпійскім чэмпіёнам». Як у ваду глядзеў. Сапраўды стаў».

Гучыць сьвісток на перапынак. Вынікі першага тайму Мілінкевіч рэзюмуе наступным чынам: «Гулялі лепш, але не рэалізавалі моманты». У перапынку да палітыка пачынаюць падыходзіць заяўзятары, каб сфатаграфавацца ці проста паразмаўляць. У другой палове гульні мы дамаўляемся гаварыць ужо не пра спорт.

«Надзею на гэтую восень я ўскладаю на «Эўрапейскі марш» – гэта насамрэч вельмі важная падзея ў палітычным жыцьці краіны. Шмат хто кажа, што з году ў год адно і тое ж, але я рэзка не пагаджуся з гэтым. Апошнія масавыя акцыі апазыцыі насілі выключна пазытыўны характар. Перакананы, што 14 кастрычніка выйдзе шмат людзей. Спадзяюся, што ўлада ня пойдзе на разгон дэманстрацыі, усё ж яна супадае па даце з Пакровам, вялікім рэлігійным сьвятам. Тое, што даты супалі вельмі сымбалічна».

Ля нашай брамы ўзьнікае некалькі небясьпечных момантаў, але абарона і галкіпэр Антон Амельчанка мужна адбіваюць усе атакі гасьцей. У гэтыя моманты Мілінкевіч, што ёсьць моцы сьціскае кулакі. А пасьля выдыхае: «Выстаялі».

«Бліжэйшым часам зьбіраюся працягнуць рабочыя вандроўкі па рэгіёнах. Паеду па Менскай вобласьці, найперш у невялікія гарады – Клецак, Нясьвіж, Маладэчна. Для мяне гэта бачыцца галоўнай задачай. Хочацца падтрымаць мясцовых актывістаў, якія мужна і самааддана змагаюцца з гэтай сыстэмай. Абавязкова прыеду на суды «маладафронтаўцаў».

Пытаюся, што ён лічыць сваёй галоўнай заслугай за два апошнія гады. Мілінкевіч бярэ паўзу, каб задумацца. Тым болей дапамагаюць трыбуны, якія пачалі рабіць хвалю і што ёсьць сілы гукаць: «Шайбу!» У такім шуме ня вельмі і паразмаўляеш.

«Усё ж гэта арганізацыя дапамогі рэпрэсаваным. Гэта сыстэма салідарнасьці. Раней было так, што пасьля прэзыдэнцкіх ці іншых палітычных кампаній у людзей зьяўлялася расчараваньне і нават дэпрэсія. Летась такога не было. Найперш праз тое, што мы змаглі наладзіць сетку дапамогі людзям. У ВНУ зразумелі, што выкідваць студэнтаў неэфэктыўна, бо яны ўсё адно працягнуць вучобу ў Польшчы ці іншых краінах. Гэта вялікае наша дасягненьне. Хацелася б болей, але і тое, што я раблю гэта нямала. Я адчуваю вялікую адказнасьць перад тымі людзьмі, што ў мяне паверылі і яго не магу іх падвесьці. Часам нават думаў, як добра, што я не нікуды не сышоў. Хаця такія думкі, як у любога чалавека, пэрыядычна ўзьнікаюць. Калі я стамляюся, то ў мяне ёсьць адзін надзейны і правераны сродак. Я еду дадому ў Бершты і штодня хаджу на возера купацца. Лепшага адпачынку я проста не магу ўявіць. Там ня ловіць мабільнік, хатні нумар таксама ведаюць адзінкі. Некалькіх дзён на прыродзе мне хапае, каб адпачыць і зноў прыйсьці ў норму».

Камэнтатар па стадыёне абвяшчае, што матч між зборнымі Расеі і Польшчы скончыўся ўнічыю – 2:2. «Усё ж я, як любы беларускі патрыёт, маю сантымэнт да польскай зборнай», – усьміхаецца Мілінкевіч.

«Цяпер многім падабаецца Севярынец. Ён сапраўды заслужыў гэтага, сваёй сілай духу і моцнай верай. У яго ёсьць харызма і выдатная энэргетыка. Гэта чалавек за якім ідзе вуліца. Я таксама вельмі люблю Паўла і лічу, што ён можа стаць лідэрам апазыцыі. Вельмі разумны і граматны палітык Навасяд. Зьміцер Дашкевіч – яркая асоба. Юрась Губарэвіч зарэкамэндаваў сябе, як выключны арганізатар. Той жа Павал Мажэйка мае аграмадны палітычны патэнцыял, але пакуль ня вырашаў яго скарыстоўваць. Я перакананы, што будучыня за маральнай палітыкай і палітыкамі. Я нядаўна прачытаў кнігу пра Рональда Рэйгана «Рука провіду». Кнігу напісала жанчына, якая была вельмі блізкая да сям’і амэрыканскага прэзыдэнта. Рэйган быў вельмі сумленны і маральны палітык, вернік. Мне запомнілася ягоная фраза: «Калі мне кажуць пра мэтазгоднасьць у палітыцы, то гэта азначае здрада ідэалам». Мне часам даводзілася рабіць пэўныя рэчы не з пазыцыі прынцыпаў, а мэтазгоднасьці. Часта кажуць, што мною нібыта кіруе жонка. Я знаходжуся пад яе ўплывам. Яна адзін з многіх людзей з кім я раюся, калі прымаю рашэньне і гэта натуральна. Мне здаецца, што мая бяда заключалася ў тым. што надта доўга я ня ўмеў гаварыць «не» там, дзе гэта трэба. Цяпер я навучыўся гэта рабіць».

Падалося, што Мілінкевіч пачаў раскрывацца. Яшчэ б 15 хвілін і ён бы мог нагаварыць многае яшчэ ім не казанае, але якраз у гэты момант судзьдзя прызначае пэнальці ў вароты ізраільцян. Мілінкевіч і ўвесь стадыён прыўзьнімаюцца зь месцаў. Нэрвы не падводзяць Рамашчанку – 2:1. Абдымкі, радасьць. Дэбют Штанге атрымаўся. Апошнія хвіліны гульні Мілінкевіч правёў стоячы, задаць болей пытаньняў мне так і не атрымалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?