Нагадаем, што на сёння, 27 мая 2013, перададзена штармавое папярэджанне: увесь дзень чакаюцца навальніцы, град і залевы. У сувязі з гэтым МНС прапануе наступныя рэкамендацыі.

Як сябе паводзіць у часе залевы

Пры атрыманні інфармацыі пра выпадзенні вялікіх ападкаў устрымайцеся ад паездак па горадзе, па магчымасці заставайцеся ў кватэры ці на працы. Уключыце сродкі праваднога і радыёвяшчання.

Калі залева заспела вас на вуліцы, не спускайцеся ў падземныя пераходы і іншыя заглыбленыя памяшканні. Паспрабуйце схавацца ў будынках, размешчаных вышэй магчымага ўзроўню падтаплення.

Калі будынак (памяшканне), у якім вы знаходзіцеся, падтапляецца, паспрабуйце пакінуць яго і перайсці на бліжэйшае ўзвышша.

Калі пакінуць будынак не ўяўляецца магчымым, то падніміцеся на верхнія паверхі, выключыце электрычнасць і газ, шчыльна зачыніце вокны, дзверы і паведаміце пра сваё месцазнаходжанне ў дзяжурную службу МНС па тэл. 101.

Калі залева застала вас у асабістым транспарце, не спрабуйце пераадолець падтопленыя ўчасткі. Павольна перамясціцеся ў крайні правы шэраг (на ўзбочыну) і, не звяртаючыся да экстранага тармажэння, спыніце рух. Уключыце аварыйныя сігналы і перачакайце залеву. У выпадку імклівага прыбывання вады пакіньце аўто і прайдзіце на вышэйшы ўчастак мясцовасці або ў бліжэйшы будынак.

Як сябе паводзіць пры моцным ветры

Прыбярыце гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў у дом (склеп), абрэжце сухія дрэвы, якія могуць нанесці шкоду вашаму жыллю.

Аўто пастаўце ў гараж, пры адсутнасці гаража машыну варта паркаваць у месцах, далёкіх ад дрэў, а таксама слаба умацаваных канструкцый.

Знаходзячыся на вуліцы, абыходзіце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам.

Пазбягайце дрэў і разнастайных збудаванняў падвышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб'ектаў).

Як абараніцца ад граду

Па магчымасці не выходзіце з дому, знаходзячыся ў памяшканні, трымайцеся як мага далей ад вокнаў. Не карыстайцеся электрапрыборамі, бо град звычайна суправаджаецца навальніцай.

Знаходзячыся на вуліцы, паспрабуйце выбраць сховішча. Калі гэта немагчыма, абараніце галаву ад удараў градзін (накрыйце галаву рукамі, торбай, вопраткай).

Не спрабуйце знайсці сховішча пад дрэвамі, бо існуе вялікая рызыка не толькі трапляння ў іх маланак, але і таго, што буйныя градзіны і моцны вецер могуць ламаць галіны дрэў, што можа нанесці вам дадатковыя пашкоджанні.

Калі вы перамяшчаецца на аўтамабілі, то спыніце рух. Знаходзячыся ў аўтамабілі, трымайцеся далей ад шкла. Пажадана павянуцца да іх спіной (тварам да цэнтру салона) і прыкрыць вочы рукамі ці вопраткай. Калі з вамі апынуліся маленькія дзеці, то іх неабходна закрыць сваім целам, і таксама прыкрыць вочы альбо адзеннем, альбо рукой. Калі дазваляюць габарыты салона — лепш за ўсё легчы на падлогу.

Ні ў якім разе не выходзьце падчас граду з аўто. Памятаеце, што сярэдняя працягласць граду складае прыкладна 6 хвілін, і вельмі рэдка ён працягваецца даўжэй за 15 хвілін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?