3-га чэрвеня на сядзібе БНФ у Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі-расьсьледаваньня «Хто ўзарваў менскае мэтро?», аўтар якой — журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.

Кніга напісаная па сьлядах судовага працэсу над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, абвінавачанымі ў тэракце ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году, калі загінулі 15 чалавек.

У рэпартажы з судовай залі — галасы падсудных і пацярпелых, аргумэнты абвінавачваньня і абароны, высновы экспэртаў, рэакцыя грамадзтва. Аўтар таксама дае асабістую ацэнку пабачанаму і пачутаму.

Таксама 3 чэрвеня журналісты правядуць круглы стол пад назвай «Маўчаньне пра „гучныя працэсы“: палітыка ўладаў ці слабасьць журналістаў?»

8 траўня Алег Грузьдзіловіч атрымаў ад Генпракуратуры папярэджаньне, якое тычыцца артыкула і кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?». У папярэджаньні гаворыцца, што ў кнізе «ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасьць афіцыйных вынікаў расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце выбуху ў менскім мэтрапалітэне, а таксама справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ў цэлым».

Алег Грузьдзіловіч так пракамэнтаваў вынесенае яму папярэджаньне: «Гэтай уладзе непатрэбныя людзі, якія будуць нешта правяраць і сумнявацца. У краіне, дзе нельга сумнявацца, журналісты не патрэбныя».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?