Сёньня «Свабодны тэатар» ізноў спрабаваў зладзіць прэзэнтацыю п'есы «11 кашуль», учора брутальна спыненую амонам. На шляху да месца правядзеньня машыны з акторамі спынілі міліцыянты. «Куды вы едзеце, там усё замініравана», — казалі яны, спрабуючы завярнуць «Свабодны тэатар» назад.
Не пасьпелі дабрацца да месца (у вёску Кучкуны Валожынскага раёну) і пачаць прэзэнтацыю, як завітаў нарад міліцыі з трох чалавек і кадэбіст у цывільным. Яны перапісваюць пашпартныя зьвесткі прысутных. Апроч актораў, ёсьць каля трыццаці гледачоў. Сярод іх Аляксандар Мілінкевіч.
18.28.
Прыехаў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан. Міліцыянты, перапісаўшы прысутных, сыходзяць. Падобна, прэзэнтацыя ўсё ж адбудзецца.
18.55.
Кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін прывітаў усіх прысутных з трэцім днём «вясельля» (такой кодавай назвай акторы і гледачы назвалі прэм'еру), прадставіў «хрышчонага бацьку маладой» — францускага рэжысэра. Спэктакаль пачынаецца.
19.20.
Каля агароджы будынку, дзе йдзе прэм'ера, засталіся два міліцыянты з кінакамэрай. Яны фільмуюць усё, што адбываецца на дварышчы. Міліцыянты старанна ўнікаюць журналісцкіх фотакамэр.