У сярэдзіне чэрвеня Беларусь могуць наведаць дэпутаты Еўрапарламента. Аб гэтым паведаміў старшыня камітэта па міжнародных справах Еўрапарламента Філіп Качмарэк 28 мая ў Бруселі, дзе праходзіць трэцяя пленарная сесія Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест).

«Магчыма, гэта будзе дэлегацыя з шасці парламентарыяў, — цытуе Качмарэка прэс-служба Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), лідар якой Анатоль Лябедзька знаходзіцца ў Бруселі ў складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі. — Але мы б не хацелі, каб беларускі бок праводзіў селекцыю складу. Калі паездка адбудзецца, то мы не будзем ніякім чынам садзейнічаць легітымізацыі сённяшняга парламента і не наважаны запытваць такую сустрэч, тым больш у сценах Палаты прадстаўнікоў. А вось з палітзняволенымі нам сустрэцца было б важна».

На мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках сесіі Еўранеста, запрошаны прадстаўнікі шасці апазіцыйных арганізацый — АГП, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», руху «За Свабоду», кампаніі «Гавары праўду!» і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Сёння палітыкі сустрэліся з Качмарэкам, віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента Яцэкам Пратасевічам і яго былым кіраўніком Ежы Бузекам. Падчас сустрэчы Бузек адзначыў, што паездка ў Мінск дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі Юстаса Палецкіса «насіла прыватны характар, роўна як і праект яго даклада», паведамляе прэс-служба АГП.

«Старшыня камітэта па міжнародных справах зрабіў акцэнт на тым, што практыка такая, што першапачатковы змест дакумента можа вельмі моцна змяніцца, прычым да такой ступені, што часам аўтары здымаюць сваё імя. Перспектыва такая, што рэзалюцыя па Беларусі будзе разгледжана ў верасні або кастрычніку гэтага года, але ў любым выпадку ёсць палітычная воля прыняць дакумент да пачатку Вільнюскага саміта», — сказаў Лябедзька.

Бузек адзначыў, што пры выпрацоўцы стратэгіі па Беларусі неабходна «шукаць баланс паміж дэмакратыяй і незалежнасцю». «Экс-прэзідэнт Еўрапарламента згадзіўся, што на сёння вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных і сумленныя і свабодныя выбары — гэта два галоўныя прыярытэты», — паведаміў Лябедзька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?