Дакументы аб стварэнні і развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза павінны быць пададзены прэзідэнтам Беларусі, Казахстана і Расіі да 1 мая 2014 года. Сам саюз будзе запушчаны 1 студзеня 2015 года, паведаміў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў 29 мая ў Астане на брыфінгу паводле вынікаў пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета.

«Сёння на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета мы абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні, перспектывы далейшага развіцця Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы. Таксама быў разгледжаны ход працы па стварэнні ЕЭС. Гэта было першае наша пасяджэнне за апошні час, на якім вырашаліся канкрэтныя пытанні. Найперш хочацца адзначыць прынятыя рашэнні па рэалізацыі асноўных кірункаў інтэграцыі», — цытуе Назарбаева інфармагенцтва Казинформ.

Удзельнікі сустрэчы, паводле яго слоў, дамовіліся аб паэтапным правядзенні інтэграцыі. «Зараз галоўнай мэтай з’яўляецца ўстараненне ўсіх недахопаў Мытнага саюза і канчатковае фарміраванне АЭП. На аснове гэтай працы мы прымем рашэнне аб далейшым паглыбленні інтэграцыйных працэсаў. Хацеў бы падкрэсліць, што размова ідзе пра цалкам эканамічную інтэграцыю, якая грунтуецца на прагматызме і ўзаемнай выгадзе для ўсіх дзяржаў», — сказаў Назарбаеў.

Ён таксама паведаміў, што наступныя пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета пройдуць у кастрычніку ў Мінску і ў снежні ў Маскве.

«Мы маем намер працягнуць мэтанакіраваную ўзважаную палітыку інтэграцыйных працэсаў у межах Мытнага саюза», — падкрэсліў прэзідэнт Казахстана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?