Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў правесці аўдытарскую праверку дапамогі, якую выдзяляюць дэмакратычныя краіны на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Беларускі палітык выступіў з гэтай прапановай у час паседжання рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства» Еўранэст.

Анатоль Лябедзька кажа: «Была вельмі добрая дыскусія, прысвечаная медыям. Мы выступілі з прапановай, як найлепш падтрымаць медыі Беларусі. Я сказаў, што калі Аляксандр Лукашэнка гаворыць, што палітычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць атрымоўваюць сотні мільёнаў даляраў, то гэта выклікае ў мяне ўсмешку. Але калі чыноўнікі ў Бруселі гавораць, што падтрымка грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі ў Беларусі ўзрасла ўдвая, то ў мяне здзіўленне. Я не разумею, пра што ідзе размова. Я прапанаваў: давайце мы зробім аўдыт той дапамогі, якая ідзе ў Беларусь».

Паводле Анатоля Лябедзькі, ёсць незалежныя медыі, ёсць праваабаронцы, ёсць палітычныя структуры, якія, вобразна кажучы, знаходзяцца на лініі фронта. Але ствараюцца і нейкія псеўда-дэмакратычныя арганізацыі.
Прапанова палітыка была падтрыманая дэпутатамі Еўранэсту. Таму наступнае паседжанне працоўнай групы па Беларусі будзе прысвечана вывучэнню эфектыўнасці дапамогі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?