У канцы мінулага года мне давялося больш за месяц знаходзіцца ў культурнай сталіцы Расіі — Санкт-Пецярбургу. Я не быў там гады тры, і змены ў сацыяльнай сферы кідаліся ў вочы. Расслаенне грамадзян па маёмасным паказчыку павялічылася, нянавісць да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў і рэлігій даходзіць часам да кіпення.

І дзейная ўлада, здаецца, разумее, што дзеля захавання цэласнасці Расіі неабходна згуртаваць нацыянальныя эліты. Вось і 13 снежня 2012 Пуцін казаў, што трэба надаць асаблівую ўвагу ўмацаванню маральных і духоўных каштоўнасцяў, нацыянальнага адзінства. У Піцеры паўсюль вісяць білборды, якія заклікаюць шанаваць расійскую мову. На іх указваюцца адрасы цэнтраў, дзе можна падвучыць расійскую задарма, распрацаваная цэлая дзяржаўная праграма. Так, Расія ўсё яшчэ не можа вызначыцца да канца са сваёй «рускай ідэяй», але той, хто называе сябе рускім ці расіянінам, хаця б не ганьбіць сваё, расійскае.

А што ў нас? У беларускіх СМІ і байнэце ёсць цэлая плынь, скіраваная на знявагу нашай гісторыі, культуры, мовы. Лямант стаіць: няма нацыі, народ выракся мовы — і далей ідуць адкрытыя абразы ўсяго беларускага. І не толькі якія-небудзь беларусафобы за грошы ці так ганьбяць ўсё беларускае, да іх далучаюцца асобы, якія заяўляюць пра сябе як пра патрыётаў, прыхільнікаў беларушчыны, інтэлігентаў, інтэлектуалаў.

Вось і Валянцін Акудовіч, беларускі інтэлектуал, кажа, што беларусаў няма. Здаецца, цяпер нават дурні ведаюць, што нацыянальнасць вызначаецца самастойна і добраахвотна. І нягледзячы на тое, што на апошнім перапісе 84% насельніцтва назвалі сябе беларусамі, некаторыя нашы інтэлектуалы бачаць шаснаццаць, дзе ёсць сто. Як той казаў, разруха не ў клазетах, а ў галовах.

Тое, што беларусы як нацыя цяпер разгубленыя, стомленыя, няўпэўненыя — гэта адно. А казаць, што беларускай нацыі наогул не існуе — гэта дапамагаць тым, хто жадае, каб нас не існавала.

Асноўныя дыскусіі вядуцца вакол беларускай мовы. Нехта кажа, што трэба захаваць дэмаркацыйны па-дзел паміж беларускамоўнымі і расійскамоўнымі беларусамі. Нехта кліча ў беларускае гета. Бо мова фармуецца ў народзе, цэлым народам, а не высокаадукаванымі адзінкамі. Адзінае, што варта рабіць інтэлігенцыі і ўсім, каму неабыякавы лёс краіны, — быць у народзе з роднай мовай, каб яна не знікла.

Кароткае адступленне пра смерць моваў. Ёсць у Расіі шмат выміраючых народнасцяў. Напрыклад, чулымцы. Некалькі гадоў таму да іх прыязджаў амерыканскі навуковец, вывучаў мову, традыцыі, бо хутчэй за ўсё гэты народ знікне, і варта захаваць для навукі ўнікальны культурны пласт. І ніхто не выказаў заклапочанасці. Не тое з нашай мовай, культурай: калі робіцца хоць які маленькі крок у бок яе адраджэння — сярод ворагаў беларушчыны падымаецца лямант. Навошта ж баяцца мёртвай, нежыццяздольнай мовы? Відавочна, прычына страху ў яе трываласці і трываласці народа, якому яна родная.

Насамрэч у беларусаў ніякай грэблівасці да сваёй мовы няма, падзел на нібыта варагуючых расійскамоўных і беларускамоўных — надуманы, скіраваны на раз’яднанне. Самае трапнае стаўленне да роднай мовы было выказанае ў адным з відэапытанняў «НН, калі расійскамоўны дзядзька сказаў: «Так, маем такую мову!» Проста чалавеку, які працуе на заводзе ці будоўлі, цяжэй пачаць размаўляць па-беларуску, чым, скажам, службоўцу якойсьці культурнай установы, дзе па справах даводзіцца сутыкацца з беларускай мовай. Просты працоўны можа не карыстацца роднай мовай на працы, дома, можа нават назваць роднай расійскую, калі перапісчык саб’е з панталыку ўдакладненнем, што родная мова — гэта тая, якую засвоіў у дзяцінстве. Але гэта не азначае, што ён не гатовы гаварыць па-беларуску і аддаць дзяцей у беларускую школу, калі для гэтага будуць спрыяльныя ўмовы. Свая мова беларусу, у тым ліку расійскамоўнаму, уласцівая ўнутрана, іманентна.

Ніхто не назаве роднай мовай тую, якой пагарджае. На апошнім перапісе беларускаю назвалі роднай 60% насельніцтва. Прыплюсуйце заблытаных удакладненнем пра «засвоеную ў дзяцінстве», больш карэктным для каланіяльных краін, і ўлічыце: ніхто не тлумачыў, што родных моваў можа быць некалькі. І мы пабачым, што большасць жыхароў Беларусі станоўча ставяцца да беларускай мовы.

Так, ёсць невялікі адсотак лю-дзей, якія ставяцца адмоўна. Часткова гэта тыя, хто мае дачыненне да ўлады і карыстаецца яе рэсурсам. Беларуская мова для іх — сімвал зменаў да горшага. (Хаця зразумела, што не ўсе з іх дрэнна ставяцца да мовы.) Могуць адмоўна ставіцца да мовы і малаадукаваныя людзі з саўковымі стэрэатыпамі. Такія хутка пазбаўляюцца комплексаў пасля невялікай адукацыйнай лекцыі. Колькасць тых і другіх часта перабольшваюць, бо ганіць беларускую мову пры цяперашнім рэжыме бяспечна, а вось бараніць — не заўсёды.

У моўных пытаннях беларусаў часта параўноўваюць з ірландцамі, аднак гэта не зусім карэктна. Там з часу абвяшчэння незалежнасці вядзецца актыўная праца па адраджэнні ірландскай мовы. Тут на дзяржаўным узроўні вядзецца праца па вынішчэнні мовы: зверху спускаюцца дырэктывы аб недапушчэнні беларусізацыі, парушаюцца правы беларускамоўных, за мову могуць звольніць, неадэкватна паставіцца ў судзе ці міліцыі і г.д.

Пасля Другой сусветнай вайны, калі ірландцы ўзяліся за нацыянальнае адраджэнне, у нас пачалася чарговая хваля русіфікацыі. У тыя часы гарадам патрабавалася працоўная сіла, а сяляне імкнуліся вырвацца з галодных вёсак. Той, хто прыязджаў з вёскі ў горад, павінен быў пераходзіць на расійскую, калі хацеў знайсці прыстойную працу.

Беларусы, як і іншыя паняволеныя народы, апынуліся ў становішчы экзістэнцыйнага выбару. Між акупантам і паняволеным ажыццяўляецца пэўны гандаль. Імперыя метадам бізуна і перніка прапануе адмовіцца ад святынь, мовы, нацыянальнасці і ўзамен абяцае акупаваным права на жыццё, магчымасць гадаваць дзяцей, каб потым іх жа і выкарыстаць. А той, хто не адмаўляецца ад нацыянальных каштоўнасцяў, ідзе ў выгнанне, на катаргу, смерць, а затым свеціць зоркай прыкладу нашчадкам тых, хто адмовіўся.

Так было раней, і амаль тое ж цяпер. Калі беларуская мова фактычна па-за законам, хто ж сваю крывіначку аддасць у беларускую школу? Нават той, хто абедзвюма рукамі за навучанне па-беларуску, прывядзе сваё дзіця ў расійскамоўную школу з надзеяй, што прыйдзе час — і яго нашчадак здолее разарваць ланцугі, якіх не разарваў ён сам.

Вышэйзгаданы філосаф Акудовіч кажа, што народ заўсёды выбера каўбасу замест мовы. Многія народы ва ўмовах акупацыі выбіралі фізічнае выжыванне. Але аматары паразважаць на гэту тэму забылі, што 26 снежня 1990, калі Вярхоўны Савет Беларускай ССР абвясціў беларускую мову адзінай дзяржаўнай, пратэстнай хвалі расійскамоўных беларусаў не паднялося. І цяпер, калі б была ўведзеная адзіная дзяржаўная мова, беларуская, ніхто б не выйшаў на плошчу. Не праз пасіўнасць, а таму, што не лічаць мову чужой.

Сама мова для нашага народа — не «знак бяды». А знак бяды — стаўленне ўлады да беларускамоўных. Ад самага пачатку расійскай акупацыі і да сённяшняга дня яно было то паўзуча, то забойча рэпрэсіўным.

Часта даводзіцца чуць пра немагчымасць прыйсці да ўлады з беларускай мовай. Некаторыя аналітыкі забываюцца, як трасянка, тая трасянка, якою грэбавалі і расейскамоўныя, і беларускамоўныя, раптам стала мовай улады. Хаця яшчэ зусім нядаўна, за Саюзам, наменклатура мусіла вучыцца размаўляць па-расійску, калі хацела быць наменклатурай.

Калі б існавала сапраўдная роўнасць расійскай і беларускай моваў ва ўсіх сферах — у палітыцы, на тэлебачанні, радыё і іншых СМІ, у сферы адукацыі, — беларуская заняла б галоўныя пазіцыі. Культурнага патэнцыялу для гэтага дастаткова. Калі ў парламент прыйдуць беларускамоўныя палітыкі, калі будуць адмененыя чорныя спісы і на тэлебачанні і радыё Шалкевіч, Вайцюшкевіч, Вольскі і шмат хто яшчэ заспяваюць гэтак жа свабодна, як Калдун і Грыбалёва, калі здымуцца добрыя фільмы па-беларуску, — адраджэнне мовы адбудзецца хутка і лёгка.

Замест таго каб хаваць беларусаў разам з мовай, варта дапамагчы самім сабе рэалізаваць канстытуцыйнае права на свабоднае карыстанне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі і прапанаваць народу і мову, і каўбасу! Але дзе там: нашы постмадэрністы ўжо закаталі нас катком глабалізацыі.

Аднак ні пры расійскай акупацыі, ні пры цяперашняй беларусафобскай уладзе, ні пры любой прарасійскай уладзе роўнасці між беларускай і расійскай мовамі не будзе. Бо ёсць імперскі страх: а раптам беларускі народ захоча абраць сваю, беларускую ўладу, якая сама пачне вырашаць лёс краіны? Ці не страціць Расія свой кантроль над намі і ці не будзе пастаўленае пад пытанне існаванне імперыі?

Імперыі мы патрэбныя ў якасці гаспадарчай тэрыторыі з паслухмяным народам. Вырашаць свой лёс можна толькі аб’яднаўшыся, і мова на гэтым шляху — інструмент яднання. І той факт, што ў народа добрае стаўленне да мовы, дае надзею.

Беларусь 2013-га ўжо не тая, што была ў 1990—1994. Мы не называем нашымі расійскія футбольныя клубы, цэнтрам краіны лічым Мінск, а не Маскву, нашы грамадзяне ад’язджаюць на заробкі ў Расію з пачуццём таго, што пакідаюць радзіму, наша моладзь лічыць сябе еўрапейскай. Мы перажылі шмат нялёгкіх гадоў стабільнасці. І можна спадзявацца, што час і нашы агульныя намаганні даробяць тое, што не паспела дарабіць другое беларускае адраджэнне за кароткі перыяд канца 80-х — пачатку 90-х.

Філосаф Валянцін Акудовіч:

«[Патрыёты — «НН».] свята вераць, што як толькі адэпты беларушчыны атрымаюць уладу, то матчына мова вельмі хутка запануе на абшарах нашага краю. Але калі думаць не сэрцам, а галавой (як яно быццам і належыць), то давядзецца прызнаць, што такога, бадай, ніколі не будзе.

...Давайце звернемся да тыпалагічна блізкай нам па многіх параметрах Ірландыі. Вось ужо болей як дзевяноста гадоў ля ўлады там знаходзяцца радыкальныя нацыяналісты, а ірландская мова за гэты час у краіне ...вымарнела ў нішто. І прычыны таму навідавоку — функцыянальныя магчымасці нацыянальнай мовы, раўнуючы з англійскай, былі непараўнальна зніжаныя, і таму ў справе штодзённага жыццяладу яна не вытрымала канкурэнцыі.

...На праблемнае пытанне: мова ці каўбаса, звычайны шараговец цалкам слушна адказвае — каўбаса. Бо мова створаная дзеля жыцця, а не наадварот. І калі нейкая мова не паляпшае жыццё чалавека, то навошта яму такая мова?

...Сітуацыю з паўсюдным адраджэннем беларускай мовы ўскладняе той факт, што сёння чалавецтва на злом галавы кінулася ў глабалізацыю... Тут даволі праблемаў і для моваў-лідараў, а што тады казаць пра мовы-аўтсайдары».

Эсэ «Вялікая здрада»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?