Стала вядома, што яшчэ чацьвер Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкаму праваабарончаму аб’яднаньню «Вясна». Арганізацыю не зарэгістравалі з той прычыны, што 20 з 69 заснавальнікаў былі адміністрацыйна пакаранымі, а некаторыя зь іх нават пяць раз.

Таксама незадаволенасьць у Мін’юсьце выклікаў статут «Вясны», бо «зьмяшчае не канкрэтныя мэты і прадугледжвае магчымасьць дадзенага аб’яднаньня дзейнічаць у дасягненьні іншых, не ўказаных у статуце, мэтаў». Прыкладна па гэтай самай прычыне больш за месяц таму было адмоўлена ў рэгістрацыі і менскай гарадзкой арганізацыі «Маладога фронту».

Віцэ‑прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі наступным чынам камэнтуе рашэньне Мін’юсту:

«Гэта засьведчыла, што ўлады не гатовыя да дыялёгу і супрацоўніцтва зь незалежным грамадзтвам, з праваабаронцамі Беларусі. Іхныя аргумэнты адмовіць «Вясьне» ў рэгістрацыі маюць досыць дзіўны характар, яны маглі б быць абскарджаныя ў любым прававым судзе, але ж мы добра ведаем, як у нас судзяць. Разам з тым, скаргу ў Вярхоўны суд падаваць усё адно будзем. Хаця гэта і будзе мець чыста фармальны характар. Цяжка было спадзявацца на іншы вынік, калі ў краіне адбываюцца суды па палітычных прычынах, калі за кратамі знаходзяцца Аляксандар казулін і Зьміцер Дашкевіч, калі ва ўсёй краіне адбываюцца парушэньне грамадзкіх правоў. У любым выпадку, я перакананы, што «Вясна» знойдзе магчымасьць, каб надалей працягнуць сваю дзейнасьць. Адмова ў рэгістрацыі ня ёсьць драматычным момантам у гісторыі праваабарончага руху Беларусі. Праца будзе працягвацца».

Нагадаем, што праваабарончая арганізацыя «Вясна» была ліквідаваная восеньню 2003 году. З тога часу арганізацыя фактычна працуе ў падпольлі. За час свайго існаваньня «Вясна» дапамагла ўжо тысячам рэпрэсаваных грамадзянаў.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0