Колькасць зарэгістраваных злачынстваў у пераліку на 10 тысяч чалавек. Разбіўка па колерах: 1) менш за 90; 2) 91-128; 3) 129-165; 4) больш за 165. Чым святлейшы колер, тым злачынстваў менш. У гарадах: чым большы кружок, тым большая злачыннасць.
Белстат падлічыў колькасць зарэгістраваных злачынстваў у кожным з раёнаў Беларусі ў 2012 годзе.Згодна з тлумачэннем, у спіс патрапілі грамадска небяспечныя дзеянні, забароненыя Крымінальным кодэксам.
Усяго такіх злачынстваў налічылася 102 127. Гэта істотнае зніжэнне ў параўнанні з папярэднімі гадамі, калі фіксаваліся 130–150 тысяч злачынстваў.Ці то беларусы перасталі парушаць закон, ці то такія выпадкі рэгіструюцца не так актыўна.
Кожнае чацвёртае злачынства фіксавалася ў Мінску, але тое не дзіва, калі ўлічыць колькасць насельніцтва ў сталіцы. На 10 тысяч чалавек тут фіксуецца 132 злачынствы.Калі ж казаць пра колькасць злачынстваў па раёнах, то ў лідарах наступныя адміністратыўныя адзінкі:
1. Бабруйскі — 197 (без горада)
2. Глускі — 184
3. Віцебскі — 180 (без горада)
4. Бярэзінскі — 173
5. Пухавіцкі — 171
6. Гомельскі — 166 (без горада)
7. Аршанскі — 159 (без горада)
Прычым Бабруйшчына застаецца крымінальным цэнтрам краіны год за годам. Напрыклад, пазалетась там было зарэгістравана 303 злачынствы на 10 тысяч чалавек.
Самыя бяспечныя раёны выглядаюць наступным чынам:
1. Драгічынскі — 53
1. Жабінкаўскі — 53
3. Іванаўскі — 56
4. Ганцавічскі — 57
5. Нясвіжскі — 58
6. Браслаўскі — 63
7. Ляхавіцкі — 65.