У сваім вітальным слове спн. Міятавіч выказала задаволенасць тым, што ўдзел у працы семінару бяруць прадстаўнікі як аднаго, так і другога боку. Сапраўды, гэта рэдкі выпадак у беларускіх умовах. Звычайна лукашэнкаўцы пазбягаюць любых кантактаў з іншадумцамі. Апошнія такія сустрэчы мелі месца ў часе адлігі 2008—2010 гадоў.

Апроч гэтага Міятавіч яшчэ раз падкрэсліла сваю прынцыповую пазіцыю адносна цэнзуры ў інтэрнэце. «Свабода ў сетцы інтэрнэт абмяркоўваецца сёння ва ўсіх краінах свету. Інтэрнэт вызначае тое, як мы будзем размаўляць паміж сабой у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Менавіта таму ў гэтай галіне нельга рабіць памылак і няправільных крокаў. Менавіта таму інтэрнэт-СМІ не павінны цярпець пераслед», — падкрэсліла Міятавіч.

Удзел у працы семінара «Інтэрнэт-СМІ: свабода, прафесіяналізм і ўстойлівае развіццё» бяруць прадстаўнікі як незалежных, так і дзяржаўных СМІ. Сярод іх Аляксандр Старыкевіч, Ірына Віданава, Аляксандр Класкоўскі, Вольга Анцыповіч, Павел Быкоўскі, Юрый Пракопаў, Андрэй Крывашэеў, Дзмітрый Партон ды іншыя.

Напрыканцы свайго выступлення прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ выказала спадзяванне, што ў хуткім часе здолее зноў прыехаць у Беларусь.

Пасля семінара спн. Міятавіч у сядзібе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) спаткалася з журналістамі, якія зазналі рэпрэсіі або атрымалі папярэджанні за сваю дзейнасць. Сярод іх былі Андрэй Пачобут, а таксама журналісты «Народнай волі», часопіса «Arche», радыё «Свабода», тэлеканала «Белсат».

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна выказала спадзяванне, што праблемы, пра якія журналісты паведамілі госці з АБСЕ, будуць уздымацца на сустрэчах прадстаўніцы з беларускімі чыноўнікамі.

Апошні раз Дунья Міятавіч наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года. Яна таксама хацела прыехаць у Мінск адразу пасля жорсткага разгону акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Міятавіч двойчы звярталася з лістамі да Сяргея Мартынава (у той час — міністр замежных спраў Беларусі) з просьбай дапамагчы арганізаваць яе візіт у Мінск, аднак рэакцыі на яе лісты не было. Увесь гэты час Міятавіч неаднаразова крытыкавала афіцыйны Мінск за сітуацыю са свабодай слова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?