На
Харашці адзначае, што сітуацыя з палітзняволенымі выклікае глыбокую трывогу. «Умовы іх утрымання ў турмах разам са з’яўленнем інфармацыі пра псіхалагічны і фізічны націск могуць быць расцэнены як неналежнае ўтрыманне, а часам і катаванні», — гаворыцца ў дакуменце.
Ураду Беларусі рэкамендавана прыняць меры для ўстаранення ўсіх перашкод, якія замінаюць актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны, а таксама гарантаваць справядлівае прымяненне законаў на практыцы.
Акрамя таго, афіцыйнаму Мінску рэкамендавана актывізаваць працу парламенцкай групы па вывучэнні пытання смяротнай кары, апублікаваць вычарпальную інфармацыю пра ўжо прыведзеныя ў выкананне прысуды і неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару з далейшай яе адменай.
Уладам рэкамендуецца таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста (Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага), фактаў пазбаўлення ліцэнзій і пераследу адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.
Спецдакладчык заклікае ўлады гарантаваць, што ўсе грамадзяне, якія затрымліваюцца, будуць хутка інфармавацца аб прычынах затрымання і выстаўленых абвінавачаннях, мець бесперашкодны доступ да адваката. Пры гэтым рэкамендавана гарантаваць абсалютную забарону на катаванні і іншыя віды неналежнага абыходжання з затрыманымі.
Беларускім уладам таксама рэкамендавана забяспечыць абарону праваабаронцаў і журналістаў ад пераследу, запалохвання і насілля, правесці поўнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх такіх выпадкаў.
Харашці звяртае ўвагу СПЧ на тое, што так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, паколькі беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім.Пры падрыхтоўцы даклада, паведамляе спецдакладчык, у яго адбыліся сустрэчы за межамі Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі, журналістамі.
Да цяперашняй сесіі СПЧ арганізацыя «Міжнародная амністыя» выступіла са спецыяльнай заявай, у якой канстатуе: змяненняў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2012 год не адбылося. У краіне працягваліся парушэнні правоў актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналістаў. Улады парушалі правы грамадзян на свабоду выказвання, сходаў і асацыяцый, выкарыстоўвалі супраць журналістаў, якія выступаюць з крытыкай улад, артыкулы Крымінальнага кодэкса аб паклёпе і абразе ў дачыненні да прэзідэнта.