У Беларусі ва ўсіх відах эканамічнай дзейнасці ў студзені-красавіку гэтага года назіраецца запаволенне тэмпаў росту, гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным Міністэрствам эканомікі.

«Ключавыя сектары эканомікі не дэманструюць росту: ВУП падтрымліваецца чыстымі падаткамі на прадукты (уклад у ВУП 1,4 працэнтнага пункта) і гандлем (1,6 п.п.), пры адмоўным укладзе прамысловасці (-0,6 п.п.), транспарту і сувязі (-0,1%), нулявым укладзе будаўніцтва і нізкім — сельскагаспадарчай вытворчасці (0,1 п.п.)», — канстатуюць спецыялісты Мінэканомікі.

Ва ўсіх відах эканамічнай дзейнасці ў студзені-красавіку назіралася тэндэнцыя запаволення тэмпаў росту, што ў сваю чаргу адмоўна адбіваецца на росце ВУП, гаворыцца ў аглядзе Мінэканомікі.

Паводле даных міністэрства, значны рост чыстых падаткаў (на 11,1% за студзень-красавік 2013 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года) абумоўлены павелічэннем паступленняў ПДК амаль на 35%, што звязана з памяншэннем сум вяртанняў па гэтым падатку, а таксама павелічэннем паступленняў акцызаў больш як у 1,5 разу.

«Рост рознічнага тавараабароту звязаны з павелічэннем рэальных размешчаных грашовых даходаў насельніцтва на працягу 2012 года і ў першым квартале 2013 года (на 21,4%. — БелаПАН.)», — сказана ў аглядзе Мінэканомікі.

Паводле ацэнак міністэрства, у эканоміцы адбываецца паступовае аднаўленне ўнутранага попыту як з боку спажывання хатніх гаспадарак, так і з боку інвестыцый.

Унутраны попыт з’яўляецца асноўным фактарам росту ВУП, падкрэсліваюць спецыялісты Мінэканомікі.

«Адносіны экспарту тавараў і паслуг да ВУП за тры месяцы гэтага года склалі 77% (за аналагічны перыяд мінулага года — 103,7%), што сведчыць пра памяншэнне ўкладу ў рост ВУП знешняга попыту», — гаворыцца ў аглядзе міністэрства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?