Ёсць такі стэрэатып, што беларускія землі не надта багатыя на карысныя выкапні. Маўляў, ёсць толькі соль ды торф, і больш нічога.

А тут урад абвяшчае аб пачатку амбіцыйнага праекта па адкрыцці прамысловага парка «Палессе-Лельчыцы». Мэта — здабыча карысных выкапняў.

Чаго там толькі няма! Буры вугаль, гаручыя сланцы, будаўнічы ды абліцовачны камень, гліна, крэйда, гіпс, рэдкія металы. Акадэмік Радзім Гарэцкі кажа, што нават золата, бурштын ды ўран ёсць у невялікай колькасці. Сапраўднае беларускае Эльдарада!

У самыя глухія куткі краіны пройдзе чыгунка, якой злучаць памежныя Глушкавічы і Ельск.

Разам з тым, застаюцца і вялікія пытанні: як вырашыць праблему падземных водаў і ці не стане прамысловы парк прычынай экалагічнай катастрофы цэлага рэгіёна.

17 мая на Гомельскім эканамічным форуме была падпісаная дамова аб развіцці прамысловага парка «Палессе¬Лельчыцы», мэта якога — здабыча карысных выкапняў, а таксама будаўніцтва Новай Палескай чыгункі.

Праект падпісалі намеснік дырэктара ТАА «Трайпл» Раман Шырма, галоўны інжынер Беларускай чыгункі Валерый Шубадзёраў, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч і старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Сума дамовы не агучваецца. «Трайпл», нагадаем, — гэта кампанія беларускага мультымільянера Чыжа, які займаецца нафтай, будаўніцтвам, спортам і рэстаранным бізнэсам.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА захоплена напісала, што прамысловы парк ператворыць рэгіён у беларускі Рур, праводзячы паралелі з сыравіннай базай Германіі.

Вядома, што ў парку збіраюцца здабываць буры вугаль, будаўнічы камень, будаўнічы пясок, крэйду, гліну, торф, сапрапель, калійную соль. Парк ахопіць пяць раёнаў краіны: Лельчыцкі, Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Ельскі і Мазырскі. Гэта прыкладна траціна тэрыторыі Гомельскай вобласці. Але ў гэтым пераліку толькі калійныя солі на сёння здольныя даваць вялікі прыбытак. Астатняга дабра нямала і ў іншых рэгіёнах Беларусі, дый у іншых краінах.

Першы раз пасля цара

Палеская чыгунка будавалася ў 1882 — 1907 гадах, яна злучыла Бранск і Гомель з Брэстам. Пры цару, як і ўсе чыгункі Беларусі. Цяпер можа пачацца новы этап. Чыгунка мае пралегчы па маршруце «Глушкавічы — Лельчыцы — Міхалкі». Гэта 121 кіламетр дарогі. Будаўніцтвам зоймецца «Трайпл».

Доктар геаграфічных навук, загадчык лабараторыі аптымізацыі геасістэм Інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук Валерый Хоміч кажа, што тэрыторыя будучага прамысловага парка «Палессе¬Лельчыцы» сапраўды мае найбольш карысных выкапняў, чым дзе на тэрыторыі Беларусі.

Паводле афіцыйных лічбаў, на тэрыторыі парка запасы бурага вугалю складаюць 250 мільёнаў тон, гаручых сланцаў — 2,7 мільярда тон, каменнай солі — 500 мільёнаў тон, гіпсу — 260 мільёнаў, каалінаў (белая гліна, сыравіна для парцаляны) — 3 мільёны, гліны — 70 мільёнаў кубічных метраў. Лічбы нібыта даволі ўнушальныя.

Вугаль­то ёсць, але як асушыць?

«Бурага вугалю дакладна вядома, што ёсць 75 мільёнаў тон. Знаходзіцца радовішча каля ракі Убарць. Гэта няшмат. Магчыма, яшчэ ёсць неразведаныя, — кажа Валерый Хоміч. — Сланцы ёсць амаль паўсюды, невялікія праслойкі. Што датычыць каменю, то сёння ён здабываецца ў Глушкавічах, з яго потым робіцца шчабёнка. У савецкія часы яшчэ быў кар’ер «Надзея», дзе здабывалі камяні для абліцоўкі. Праўда, потым яго закінулі».

«Канечне, мясціны балоцістыя, небяспека праз гэта павялічваецца. Як і затраты. Каб адпампоўваць ваду, патрэбныя вялікія грошы на электраэнергію. Такія затраты могуць у два разы павялічыць кошт сыравіны, што здабываецца. Наколькі мне вядома, для здабычы спачатку трэба выкапаць кар’ер, а ўжо там рабіць шахту», — гаворыць навукоўца.

Акрамя таго, на тэрыторыі прампарка «Палессе¬Лельчыцы» разведана радовішча рэдкіх відаў сыравіны, такіх як берылій, цырконій, высокамінералізаваныя прамысловыя расолы. Вось гэта ўжо цікавей, бо попыт на рэдкія металы ў свеце расце разам з развіццём электронікі.

Разам з тым узнікае пытанне, чаму гэтыя мясціны не сталі распрацоўваць раней. Адказ — не самыя простыя ўмовы працы. Вельмі радыкальнае меркаванне адносна будаўніцтва парка мае член¬карэспандэнт Акадэміі навук, доктар геолага­мінералагічных навук Анатоль Кудзельскі.

Іншы погляд: «Ідыятызм»?

«Краіна непалоханых ідыётаў! — выгукае навуковец, калі чуе пра «Палессе-Лельчыцы». — Гэты прамысловы парк проста немагчыма зрабіць. Для гэтага трэба асушаць воды на 200—300 метраў. Трэба знішчаць палескую прыроду. Калі мы на гэта пойдзем, то адгукнецца і ва Украіне. Гэта проста немагчыма. І гэта ўсё цудоўна ведае прэм’ер¬міністр Міхаіл Мясніковіч, але маўчыць».

Вядома, што Гомельшчына — самы багаты рэгіён Беларусі на карысныя выкапні, але чаму так сталася? «Тут вялікая геалагічная ўпадзіна, якая мяжуе з украінскім крышталічным масівам. Шмат што зносілася, вымывалася ў гэтую ўпадзіну. Напрыклад, рэдкія землі, берыл. На месцы ж гэтай упадзіны некалі было мора, таму ўтварылася соль. Пасля мора былі балоты, што з’яўляецца спрыяльным асяроддзем для ўтварэння торфу, бурага вугалю», — тлумачыць Валерый Хоміч.

Як бачым, адносна будучыні прампарка «Палессе — Лельчыцы» маюцца вельмі розныя меркаванні. Навукоўцы пагаджаюцца, што разведвальныя працы праведзеныя яшчэ недастаткова, каб рабіць далекасяжныя вывады.

Лельчыцы

Райцэнтр у Гомельскай вобласці на рацэ Убарць. Насельніцтва — 8,9 тысячы жыхароў. Знаходзіцца за 67 км ад чыгуначнай станцыі Ельск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?