Мы ўсе людзі, на якіх паўплывала дзяржаўная прапаганда. Я маю на ўвазе не тое, што мы ўсе прыхільнікі Лукашэнкі або ўхваляем усе ініцыятывы ўрада. Я маю на ўвазе іншае — прапаганда сфармавала ў нас адзіны з прапагандай погляд на свет.

Пасачыце, што такое для ўлады апазіцыя. Заўжды гэта «пятая калона», нейкі адзіны элемент. Адзіны ва ўсіх сэнсах. І праз гэтую прызму бачаць свет шмат беларусаў. Для іх не існуюць ні апазіцыйныя камуністы ці сацыялісты, невядомыя для іх АГП ды «Зялёныя». Уся апазіцыя для беларусаў — гэта адзіны механізм, які стаіць па іншы бок палітычных барыкад.

Улада для беларусаў — гэта сацыяльна-арыентаваная дзяржава, апазіцыя — ліберальная дзяржава, дзе ўсім будзе кіраваць рынак. Улада для беларусаў — гэта настальгія па савецкіх часах, апазіцыя — гэта штосьці звязанае з Еўрапейскім Саюзам і дэмакратыяй.

Улада — гэта сённяшнія дзяржаўныя сімвалы, апазіцыя — гэта бел­чырвона­белы сцяг ды герб «Пагоня». Зразумела, што ўсё гэта не так. Апазіцыя ёсць розная, у ёй сустракаюцца розныя меркаванні наконт будучыні Беларусі.
А народ ўсё чакае з'яўлення іншай апазіцыі. Апазіцыі адзінай, якая радыкальна адрозніваецца ад улады. І ён не можа зразумець, напрыклад, складанасці абрання адзінага кандыдата.
Яму зразумела, што калі ва ўладзе ёсць прэзідэнт, то, згодна з яго ўяўленнем, у «пятай калоны» павінен быць антыпрэзідэнт. Таму «невядомы апазіцыйны кандыдат» набірае на ўсіх апытаннях велізарную колькасць галасоў.

Нельга жыць марамі пра адзінага кандыдата. Значная частка насельніцтва, а таксама некаторыя палітычныя партыі не лічаць бел-­чырвона­-белы сцяг гістарычным сімвалам Беларусі. Але яны, як і я, лічаць сябе ў апазіцыі да ўлады. Не ўсе апазіцыйныя дзеячы падтрымліваюць курс неалібералізму, які прапануюць іншыя дзеячы апазіцыі. Некаторыя рэзка супраць гэтага, супраць рынкавага капіталізму і яго панавання ва ўсіх сферах жыцця.

На маю думку, апазіцыя павінна не прагнуць сваёй адзінасці, а наадварот, падкрэсліваць сваю розніцу. Даносіць да галоваў беларусаў, што АГП і БНФ, БНФ і БСДП, БСДП і «Справядлівы свет» ды іншыя — гэта розныя партыі, са сваімі рознымі ідэямі, са сваім асаблівым поглядам на будучыню Беларусі.
Тады кожны будзе шукаць у вялізнай колькасці думак і арганізацый нешта сваё, што будзе для ўлады куды больш нязручна, чым адзіная апазіцыя, таму што ўлада не можа даць кожнаму тое, што адпавядае яго думкам.

Калі кот з сабакам знаходзяцца у адным мяшку — яны пасварацца. Па­за межамі мяшка кот будзе лавіць мышэй, а сабака будзе вартаваць хату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?