Стала вядомае імя чалавека, які раскрыў сакрэтную інфармацыю пра збор спецслужбамі ЗША звестак аб грамадзянах. Газета The Guardian апублікавала інтэрв’ю з 29-гадовым Эдвардам Сноўдэнам, у якім ён расказаў пра прычыны, што падштурхнулі яго раскрыць інфармацыю пра дзеянні спецслужбаў.

Сноўдэн раней працаваў у ЦРУ і Агенцтве нацыянальнай бяспекі, а цяпер супрацоўнік Booz Allen Hamilton, арганізацыі, якая працуе на абаронную прамысловасць ЗША.

Сноўдэн сказаў газеце, што «не мог дапусціць, каб урад ЗША падрываў прыватнае жыццё, свабоду ў інтэрнэце і асноўныя правы людзей па ўсім свеце з дапамогай гіганцкай, таемна збудаванай шпіёнскай машыны».

Хлопец кажа, што зліў інфармацыю ў СМІ пасля «доўгіх і цяжкіх роздумаў»: «Я не хачу жыць у свеце, дзе ўсё, што я раблю і гавару, запісваецца і не хачу суўдзельнічаць у выбудове гэтага».

Раней паведамлялася, што амерыканская тэлекамунікацыйная кампанія Verizon Communications павінная штодня перадаваць Агенцтву нацыянальнай бяспекі ЗША звесткі аб тэлефанаваннях мільёнаў кліентаў.

Дырэктар нацыянальнай разведкі ЗША Джэймс Клэпер асудзіў дзеянні журналістаў, заявіўшы, што агалоска рашэння суда аб праслухоўванні тэлефонаў пагражае нацыянальнай бяспецы Злучаных Штатаў.

Цяпер Эдвард Сноўдэн знаходзіцца ў Ганконгу і спадзяецца, «што ўлады не выдадуць яго Злучаным Штатам». Калі не Ганконг, то, спадзяецца ён, прытулак яму можа даць Ісландыя.

Сноўдэн працаваў на Гаваях і зарабляў 200 тысяч даляраў за год. Баючыся помсты спецслужбаў, Сноўдэн нікому не гаварыў пра свой будучы выезд у Ганконг. Свайму начальству ў суперсакрэтным Агенцтве нацыянальнай бяспекі ён сказаў, што едзе на тры тыдні на курс лекавання ад эпілепсіі. Ён расказаў газетчыкам з «Гардыян», што пры наборы пароляў на сваім кампе накрываецца чырвоным каўпаком, каб іх не падгледзелі схаваныя відэакамеры. За час свайго перабывання ў Ганконгу ён амаль не выходзіў з гатэля.

Сноўдэна можна параўнаць з Брэдлі Мэнінгам, які выклікаў скандал з Вікіліксам.

Кіраўніцтва амерыканскіх і брытанскіх спецслужбаў абараняюць палітыку ЗША па зборы звестак. На іх думку, яна ніяк не парушае жыцця і прыватнасці добрых людзей, але дазваляе раскрываць тэрарыстаў і злачынцаў.

Такую сама думку выказаў старшыня прафсаюза нямецкай паліцыі. Многія правыя палітыкі таксама абараняюць права дзяржавы на актыўнае змаганне са злачыннасцю і тэрарызмам. А вось ліберальныя і левыя сілы патрабуюць забароны на маніторынг электроннай пошты і тэлефонных размоваў без індывідуальнай санкцыі суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?