Чытаючы крытычныя рэцэнзіі на свае артыкулы, я бачу парадыгматычна тоесныя рэакцыі. Любы мой сфармуляваны тэзіс прызнаецца кепскім, а ў якасці антытэзы гучыць прапанова працягваць назіраць за жыццём і фармуляваць. Часта абурэнне выклікае сам факт з’яўлення высновы. Ён адразу называецца «імкненнем навешаць цэтлікі і раскалоць грамадства». Прыблізна гэта я пачуў ад Дракахруста пасля артыкула «пра Анлайнераў і Будзіміраў» і гэта чытаю ў адказ на свайго «Паразіта веры». У мяне падазрэнне, што наша грамадства мае псіхалагічную высновафобію, і ад нараджэння нейкай высновы ў легіёнах мысляроў кожную секунду здараецца пара-тройка інфарктаў.

Дабрадзейнасцю мысляра лічыцца паліткарэктнасць, якая, праўда, замінае яму называць рэчы сваімі імёнамі. Але з улікам таго, што аўдыторыя, да якой прамаўляе мысляр, мае хваравітае самалюбства і завершаную адрасную думку ўспрымае як імкненне павучаць, мысляр абвяшчаецца вельмі блізкім народу: мысляр сапраўды не можа нічому навучыць.

У сваім «Антыклерыкалусе», я вычленіў некалькі вельмі простых думак.

Першае: кананічная вера ў Бога падрывае ў чалавеку веру ў сябе. Другое: самыя клерыкальныя грамадствы — самыя нецярпімыя. Трэцяе: клерыкальныя дзеячы, у адрозненне ад свецкіх, ні за што не нясуць адказнасці і маюць выключна правы. Чацвёртае: рэлігія не мае мэты дазволіць чалавеку спасцігаць свет, бо аперуе догмамі. Пятае: чалавек не мае неабходнасці ў веры, бо ніколі не ваяваў з мэтай прымусіць кагосьці падзяліцца верай. Шостае: любая ідэя, якая прызнае неабходным выпраўляць людзей, вядзе да з’яўлення вялікай колькасці бязвінных ахвяр.

Я прыводзіў некаторыя факты, тлумачыў сваю пазіцыю на прыкладах. Па вялікім рахунку, я хацеў сказаць, што, насуперак перакананням клерыкальных апосталаў, чалавек вельмі нават можа быць добрым і духоўным і пры гэтым не трымцець, пачуўшы бой званоў, а з іншага боку, агромністая колькасць самых канцэнтраваных муд.оў ёсць самымі шчырымі вернікамі. Не ведаю, наколькі спрэчна тое, што я сказаў, прынамсі, я спрачацца гатовы.
Паколькі гэта Санта-Клерыкалус — 2, я мушу дадаць да першай часткі яшчэ як мінімум адзін тэзіс. Гадоў у 18 я сфармуляваў сам для сябе адзін тэрмін, якім зараз падзялюся. Духоўная валентнасць. Духоўная валентнасць — колькасна-якасная здольнасць аднаго чалавека, па аналогіі з хімічным элементам, успрымаць іншых людзей у наяўным выглядзе і стане. Я б хацеў сказаць, што ў сярэднестатыстычнага свецкага чалавека духоўная валентнасць паводле азначэння будзе вышэйшай за 100% рэлігійнага,
бо першы ўспрымае іншага чалавека не апасродкавана праз трэцюю сутнасць (Бога) а наўпрост. Пра шкоду лішніх сутнасцяў — да Окама, а я дадам, што свецкі чалавек успрымае іншага чалавека праз прызму таго, наколькі той пасуе не Богу (а Богу, як мы разумеем, ідэальна не пасуе ніхто, бо ўсе мы грэшныя), а самому сабе. Свае патрабаванні можна лёгка карэктаваць у залежнасці ад абставінаў: прабачаць, уваходзіць у становішча, дараваць і г.д. Адпаведнасць жа Божым загадам — рэч універсальная. Я пра гэта пісаў у першым «Клерыкалусе». Паразіт веры не прызнае выключэнняў і змяншае духоўную валентнасць да мінімальна мажлівага.
Цяпер я б хацеў пагаварыць пра сябе. Бо я ў мяне адзін.

Упэўнены ў тым, што мая персона не цікавейшая за тэму размовы, я са здзіўленнем заўважыў, што «а вось і не». Пад радаснае ўлюлюканне аўдыторыі я атрымаў два тэксты-антытэзы на «Санта-Клерыкалуса», якія ўдзячнай аўдыторыяй былі названыя аргументамі. У прынцыпе… Калі конь стаў чальцом сената, то і гэтыя артыкулы — нішто сабе аргументы.

Я, канечне, вельмі люблю пераходзіць на асобы, але разумею, што гэта не самы прадуктыўны спосаб канкурэнцыі ідэй. Але раз пайшла такая п’янка, я з радасцю прымаю мячык і вяртаю яго назад.

Сяргею Ваганаву, канечне, рэспект за тое, што ён адважыўся назваць маё імя. Пётры Рудкоўскаму было ці западло, ці такія правілы ў хрысціянскіх палемістаў. У Рудкоўскага я — «адзін мясцовы адэпт новага атэізму». Не ўпэўнены, што я і ёсць той, чыё-імя-нельга-называць.
Пры сведках я пяць разоў запар сказаў «Пётра Рудкоўскі», і мне нават не зрабілася блага. Майце на ўвазе. На гэтым падзякі заканчваюцца і пачынаецца фактурка. Рудкоўскі піша: «Хрысціянства явіцца — і старым, і новым атэістам — як адна з найбольш пачварных анамалій. І такая рэакцыя цалкам зразумелая». Але мне хрысціянства не падаецца анамаліяй. Я б сам яго прыдумаў, калі б меў адпаведны талент і ненавідзеў людзей у патрэбнай ступені. Але вось што мне незразумела: навошта пісаць артыкул, каб прыпісаць мне тое, чаго я не казаў, і не адказаць ні на адзін мой тэзіс?
Рудкоўскі заглыбляецца ў спрэчкі з самім сабой і паралельны доказ маіх жа аргументаў: «Праблема, аднак, у тым, што згаданыя з’явы былі злачыннымі, толькі калі глядзець на іх з пазіцыі хрысціянства.
З пазіцыі гэтага свету інквізіцыя або крыжовыя паходы — гэта нармальная з’ява; эквіваленты якіх мы знаходзім ва ўсіх эпохах і ўсіх цывілізацыях (прытым толькі, што размах і брутальнасць гэтых эквівалентаў нашмат пераўзыходзілі хрысціянскія версіі). Яно, па сутнасці, шматслоўна і бяздоказна, але рацыянальнае зерне, адкінуўшы псеўдафакталогію, можна знайсці. Я якраз і пісаў пра тое, што «справа, безумоўна, не ў тэксце Святога Пісьма. Справа ў тым, што любая ідэя інтэрпрэтуецца згодна з развіццём грамадства». Праўда, забойствы (у тым ліку і масавыя) не віталіся задоўга да з’яўлення хрысціянства, але Рудкоўскаму пра гэта ведаць неабавязкова.
З Ваганавым весялей, бо ён больш адрасны, і гэта вітаецца.

Ён піша: «Ад самага пачатку Карпаў папярэджвае: „Тых, каго гэты тэкст можа абразіць, ён адназначна абразіць. Астатніх, імаверна, не зацікавіць“. Вынікае, што аўтар свядома імкнецца абразіць вернікаў як носьбітаў страшэннага паразіта. Нібыта нельга сцвярджаць свае атэістычныя перакананні без абразы». А я вось думаю, чаму нашы публіцысты ўсе такія суворыя і сур’езныя. Усе як помнікі Якубу Коласу: такія важныя, перапоўненыя ўласнай значнасцю. І стыль пісаніны ва ўсіх такі некралоідны, з пафасам і цэзурамі. Калі я пішу, што ўсіх пакрыўджу, я сцябуся і крышачку правакую. Здаецца, гэта няцяжка зразумець, калі не ставіць мэту… як бы гэта сказаць літаратурна… «дакалябацца». І вось чалавек, сам, па яго словах, атэіст, вырашыў абразіцца і пачаў пісаць тэкст, якім варта было б размазаць мае кволыя аргументы, але замест гэтага я чарговы раз бачу: «Я ўважліва некалькі разоў прачытаў гэты тэкст, але так і не зразумеў, да якой катэгорыі далучыцца — абражаных ці астатніх. У існаванне Бога не веру, па выхаванні і жыцці застаюся атэістам. З чаго б абражацца? Але…»

Ну дык, можа, і не варта было пісаць? Навошта мне ведаць пра тое, што Сяргей Ваганаў не разабраўся са сваімі пачуццямі? Пра ягоную сентыментальную любоў да старога Ксяндза, пра мілыя замалёўкі з дзяцінства, вартыя Янкі Брыля?
А вось яшчэ: «Чымсьці падобным, на мой погляд, толькі з адваротным знакам, прасякнутае «атэістычнае эсэ» Стася Карпава. Так і чуецца тупат ззаду і лямант: «Паразі-і-т

Навошта мне ведаць, што чуецца Сяргею Ваганаву, які ўважліва перачытваў мой сціплы допіс шмат разоў, але не змог адарвацца ад сваіх персанальных бяздоказных дзіцячых страхаў? Я не бегаў за Вамі, Сяргей. І магу Вам паабяцаць, што гэтага ніколі не здарыцца. Здыміце адказнасць за сваю фобію з маіх не надта шырокіх плячэй. Ці хаця б прызнайце яе наяўнасць.

Тэкст спадара Ваганава я таксама перачытваў неадаразова і, раз ён быў чытачамі названы «аргументам», я шукаў уласна аргументы. Але знайшоў вось што:

«Гэта толькі на першы погляд падаецца, што ваяўнічы атэізм, дакладней, антыхрысціянства аўтара мае гуманістычныя падставы. Маўляў, верай у Бога асвячаліся ці не ўсе крывавыя падзеі сусветнай гісторыі. Да таго ж царква імкнецца ўлезці не толькі ў душу, але і ў ложак…

Насамрэч, гэта бязглуздая блытаніна, боб з гарохам. Бо кроў і гвалт вынікаюць не з веры ў Хрыста ці ў Магамета, а з жадання прыстасаваць веру да карыслівых мэтаў палітыкі, найперш да развязвання войнаў, ціску на іншадумства, захопу ды ўтрымання ўлады».
Ну і што? Калі я назаву гэтую фразу бязглуздай блытанінай, яна страціць сваю вартасць? Ці ёсць у спадара Ваганава ўпэўненасць, што Саванарола не шчыра верыў у Бога і духоўнае ачышчэнне, калі загадваў выразаць языкі блюзнерам і спальваць гомасэксуалістаў жыўцом?

А яшчэ вось: «Калі прадзерціся праз цьмяныя фармулёўкі і хісткую логіку аўтара, таксама можна сутыкнуцца са спробай шляхам абразы адмовіць чалавеку ў асабістым праве на веру, ускласці на верніка адказнасць за грахі царквы як сацыяльнага інстытута, напужаць яго хваробай, якую нібыта нясе ў сабе вера, і надаць атэізму рысы ўсеагульнай ідэалогіі. Хацеў таго Стась Карпаў ці не хацеў, але ягоны прыватны, так бы мовіць, маніфест атэіста насамрэч ператварыўся ў маніфест Антыхрыста. Бо менавіта Антыхрысту — ці то ў дзяржаўным, ці то ў прыватным увасабленні — уласціва свядома абражаць вернікаў і не абцяжарваць сябе выбачэннямі».

«Тое, што Пётра Рудкоўскі ў сваёй палеміцы са Стасем Карпавым пазначыў як „новы атэізм“ — з’ява і сапраўды адносна новая ў параўнанні з бальшавіцкай бязбожнасцю. Але сутнасна не вельмі адрозніваецца».

Ну і нарэшце:

«На маю думку, усялякая — ці то ад імя дзяржавы, ці то ўласная — спроба абмежаваць гэты выбар ёсць вынікам інтэлектуальнай распусты і сардэчнай глухаты.

Глухаты, праз якую немагчыма пачуць Музыку, што даравана толькі чалавеку.

Невядома кім і адкуль».

Звяртаючыся да спадара Ваганава, я б хацеў быць яшчэ больш адрасным, яшчэ больш канкрэтным. Я прачытаў Ваш артыкул. Артыкул мысляра, якому падабаецца ствараць брутальныя некралогападобныя тэксты, у якіх аўтар нібыта крыху ўздымаецца над часам і прастораю і з сумам канстатуе; артыкул, які заканчваецца таямнічай метафарай, увасобленай у кароткім сказе, а цела тэксту поўная канстатацыяў таго, што апанент бездапаможны, а яго логіка хісткая, — канстатацыяў настолькі відавочных, што яны нібыта не патрабуюць пацверджання. Я прачытаў тэкст, у якім неймаверна шмат аўтара і неймаверна мала думкі ў завершаным выглядзе. Я скажу без метафар: калі б я раздрукаваў гэты тэкст, мяне б вырвала на паперу. І не таму, што я пакрыўджаны ці абражаны. Проста беларуская культура — гэта мысляры з аднаго боку і Санта-Клерыкалус — з другога. Гэта — трындзец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?