У Беларусі па-ранейшаму не выходзяць незалежныя грамадзка-палітычныя выданьні – «БДГ. Деловая газета» й «Народная воля». Журналісты тыднёвіка «Наша Ніва» працуюць над чарговым нумарам. Рэдакцыя газэты Партыі камуністаў беларускай «Товарищ» распаўсюджвае спэцвыпуск. Якімі бачаць пасьлявыбарчыя пэрспэктывы сваіх выданьняў рэдактары незалежных газэт?

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч арыентуе, калі можна чакаць сьвежы нумар незалежнае газэты.

(Сярэдзіч: ) «Што маем намер аднавіць выхад газэты ў самыя бліжэйшыя дні, – гэта факт. Але ж пад гэта мусім атрымаць цьвёрдыя гарантыі. Калі мы будзем друкавацца ў Смаленску, а газэту ізноў затрымаюць на мяжы, то няма ніякага сэнсу выдаткоўваць сродкі. У Менску апошняя размова была з дырэктарам друкарні «Чырвоная зорка» й я тэлефанаваў міністру інфармацыі. Трэба ж пачуць: ці так, ці не? Мы ня можам пакуль прыняць рашэньня, не атрымаўшы адказу тут, у нас».

Рэдактар «БДГ. Деловая газета» Пётар Марцаў ня верыць, што цяпер можна аднавіць выданьне незалежнай газэты ў межах Беларусі.

(Марцаў: ) «Міністар не вырашае гэтых спраў. Ён чакае нейкіх распараджэньняў з адміністрацыі. А адміністрацыя... Наколькі я разумею, толькі адна асоба прымае па гэтай тэме рашэньні... У Беларусі цяпер адназначна ніякай магчымасьці друкавацца няма. І я ня вельмі разумею, чаму яна павінна была зьявіцца. Не магу нічога дадаць новага. Сытуацыя абсалютна не зьмянілася».

Пётар Марцаў паведаміў, што рэдакцыя не атрымала раней затрыманага накладу газэты. Таксама на беларуска-расейскай мяжы застаецца й перадвыбарчы нумар «Народнай волі». Пад арыштам ў Менску – наклад апошняга нумару газэты «Товарищ», якую рэдагуе Сяргей Вазьняк.

(Вазьняк: ) «9-ы нумар (наклад – 200 тысяч), які канфіскавалі, сёньня спрабуюць вярнуць. Але я заявіў: «Калі вы, хлопцы, забралі, то самі прывязеце. Яны, бедныя, ня ведаюць, што рабіць. Бо там ажно 4 тоны».

Са слоў Сяргея Вазьняка, па графіку выйшаў 10-ы нумар газэты. 100-тысячны ягоны наклад надрукаваны ў Маскве. Рыхтуецца наступны.

Тыднёвік «Наша ніва» за адсутнасьцю асуджанага на 15 сутак галоўнага рэдактара Андрэя Дынькі падпісвае да друку першы намесьнік Андрэй Скурко.

(Скурко: ) «Галоўныя тэмы бліжэйшага нумару – Дзень Волі. Шмат старонак прысьвецім гэтаму. Таксама наш журналіст цікавіўся Звонам Свабоды, дасьледаваў, дзе ён цяпер знаходзіцца. Будзе й падборка рэвалюцыйнай паэзіі паводле падзеяў 25-га сакавіка».

Андрэй Скурко адзначыў, што падпіска й альтэрнатыўная дастаўка «Нашай нівы» ў сакавіку маюць «падрасьці», і наклад тыднёвіка, магчыма, перавысіць тры тысячы асобнікаў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0