11 чэрвеня Беларусь увяла часовыя абмежаванні на ўвоз мяса і жывёлы з Расіі і Кітая

Мінск, 11 чэрвеня. Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі 11 чэрвеня ўвёў часовыя абмежаванні на ўвоз на тэрыторыю краіны жывёл, мяса і мясапрадуктаў з кітайскай правінцыі Юньнань і Карачаева-Чэркескай Рэспублікі РФ. Адпаведнае ўказанне за подпісам намесніка галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага інспектара Беларусі Аляксандра Куцко размешчана на сайце ведамства.

Гэтыя меры звязаны з рэгістрацыяй на тэрыторыі павета Шангры-ла правінцыі Юньнань КНР, а таксама на тэрыторыі Урупскага раёна Карачаева-Чэркескай Рэспублікі РФ выпадкаў захворвання ўспрымальных відаў жывёл на яшчур. Інфармацыя пра іх была пададзена Міжнародным эпізаатычным бюро (МЭБ) 10 чэрвеня.

Часовая забарона таксама распаўсюджваецца на абсталяванне для ўтрымання, забою і разроблівання жывёлы.

Адначасова адмяняюцца ўсе раней выдадзеныя дазволы на ўвоз згаданай прадукцыі.

Аб'ёмы паставак мяса і жывёлы з названых рэгіёнаў Расіі і КНР у Мінсельгасхарчы не называюць, аднак, паводле звестак БелаПАН, яны невялікія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?