Улада1515

Справа «шпіёна з Нафтана»: дзень першы

У Віцебску пачаўся закрыты суд над рабочым «Нафтана» Андрэем Гайдуковым.

0.06

Яўген Канстанцінаў, старшыня незарэгістраванага Саюза інтэлектуалаў, так каментуе ліста Гайдукова: «Мяне вельмі здзівіла, што ліст прапусцілі. Па сутнасці, прызналі, што справа Андрэя — цалкам палітычная, а не шпіёнская».

22.22

Праваабаронца Павал Левінаў (Беларускі Хельсінкскі Камітэт) паведаміў карэспандэнту НН, што сёння ля суда прысутнічаў Рудольф Рышар — кіраўнік аддзела палітыкі, прэсы і інфармацыі Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, 1-ы дарадца Майры Моры.

Шмат якія рэчы падаліся яму незразумелымі, кажа сп. Левінаў. Дзіўнымі падаліся дзеянні малодчыкаў у цывільным, якія перашкаджалі працы журналістаў.

Павал Левінаў кажа, што напіша скаргу, што дзейнасці журналістаў чыніліся перашкоды. А скаргу на тое, што прысутных, у тым ліку прадстаўніка дыпкорпуса, не пусцілі ў суд без тлумачэння прычынаў, ён ужо пакінуў у кнізе заўваг і прапановаў суда.

«Нашу краіну чарговы раз паказалі ў непрыглядным выглядзе, хоць можна было зрабіць усё цывілізавана», — кажа праваабаронца.

Заўтра па асабістых пытаннях прымае старшыня Віцебскага абласнога суда Мікалай Хамічонак. Левінаў плануе трапіць на прыём, каб даведацца, чаму загадзя не паведамлялася, што працэс будзе закрыты. Рашэнне аб гэтым суддзя прыняла яшчэ 29 мая, кажа Левінаў.

Таксама ён мяркуе ўдакладніць, калі будзе разгледжаны зварот старшыні БХК аб допуску Левінава ў якасці назіральніка ад грамадскасці за дадзеным працэсам.

«Нічога не перашкаджае ўзяць з мяне падпіску аб неразгалошванні. А па-другое, я не думаю, што ўвесь працэс будзе складацца з таямніц».

На думку правабаронцы, сёння ў судзе, хутчэй за ўсё, былі збольшага працэсуальныя дзеянні — разгляд скаргаў, хадайніцтваў.

«Навошта гэта было рабіць закрытым? Толькі для таго, каб аказаць псіхалагічны ціск на Гайдукова, які ўжо колькі часу пад арыштам, якому не далі спаткання з маці перад судовым працэсам», мяркуе Левінаў.

«І мы не ведаем, што яму там кажуць — «нікога няма, нікому ты не патрэбны» ці «усе прыйшлі, але нікога не пускаюць».
Не ведаем, якая інфармацыя даходзіць да Гайдукова».

20.50

З маці Андрэя Вольгай Гайдуковай размаўляла Таццяна Севярынец.

Спн. Вольга бачыла ў інтэрнэце ліст сына, яго почырк пазнае.

Адвакат распавёў ёй, што Андрэй трымаўся годна, адстойваў сваю пазіцыю.

Таццяна Севярынец прасіла яе перадаць сыну праз адваката, што ля суда былі людзі: і журналісты, і праваабаронцы, а таксама супрацоўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар.

Маці Гайдукова жадае быць сведкай на судзе — гэта адзіная магчымасць упершыню за 7 месяцаў пабачыць сына. Але пакуль не ведае, ці ёй гэта дазволяць.

20.20

Як расказала карэспандэнту «НН» Таццяна Севярынец, каля 3-й гадзіны яна вярнулася да суда. Зайшла ў будынак да дзяжурнага, спытала, ці ідзе яшчэ суд. Той адказаў, што так, ідзе. Жанчына на ўсялякі выпадак пацікавілася, ці няма зменаў і ці будзе суд заўтра адкрытым.

«І тут падае голас той ахоўнік, які выганяў нас усіх з будынку, які без бэйджыка і не прадстаўляўся ніяк, быццам бы не чуе: «А ён і не быў закрыты!»

«Я анямела. Кажу, як? А чаго ж вы нас не пусцілі ўранні? — А хто вас не пускаў?»

15.00

Да будынку абласнога суда зноў прыйшла каардынатарка аргкамітэта па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяна Севярынец, паведамляе радыё «Свабода». Не ўбачыўшы тут нікога, хто прыходзіў зранку ў надзеі трапіць на працэс, спадарыня Тацяна накіравалася ў Пакроўскі храм, каб памаліцца за Андрэя Гайдукова.

Па дарозе яна апавяла, што яе непакоіць атрыманы напярэдадні ліст: «Гэта першы і апошні ліст ад Андрэя Гайдукова, хоць я пісала яму і раней. Пісала, што мы падтрымліваем адносіны з ягонай маці, і праз Вольгу Пятроўну ён мне перадаваў, бывала, вітанні… Але дзіўна: ліст, дзе пераказана сутнасць абвінавачання, раптам прайшоў цэнзуру ды трапіў да мяне напярэдадні суда. Нібыта нехта ведаў, што я не ўтрымаюся ды пакажу яго журналістам.

Ліст даволі вялікі, на некалькі аркушыкаў з нататніка. І ў ім амаль няма закрэсленых словаў ці выразаў. Тацяна Севярынец не пэўная, што можна верыць усяму таму, што там напісана. Яна не выключае, што гэты ліст пісаўся пад ціскам з мэтай агучвання на волі. А тым часам за зачыненымі дзвярыма ў судзе гучыць нешта зусім іншае.

11.00

Левінаў паведаміў, што на дошцы аб’яваў у судзе ёсць паведамленне, што працэс над Гайдуковым будзе 12 і 13 чэрвеня, аднак у ім няма згадак, што працэс будзе закрытым, паведамляе spring96.org. Левінаў напісаў скаргу на імя старшыні суду.

Ён таксама плануе паскардзіцца ў пракуратуру на тое, што журналістам забаранілі здымаць ля будынку суду.

10:58

Вакол будынка суда стаяць па перыметры міліцыянеры, каб у вокны ніхто не зазіраў. Праваабаронцы зазначаюць, што Андрэя Гайдукова даўно ніхто не бачыў.

Праваабаронца Павел Левінаў у каментары НН сказаў, што высветлілася, яшчэ 29 мая суддзя Урбановіч вынесла пастанову, што суд будзе закрытым, але больш падрабязная інфармацыя адсутнічае.

10:37

Калі журналісткі паспрабавалі ўзяць каментар у праваабаронцы Паўла Левінава, падышоў нейкі чалавек, які выдаваў з сябе глуханямога, і замінае працаваць, паводзіў неадэкватна, жэстамі паказваючы, што нельга здымаць.

Маёр міліцыі Віталь Вячаслававіч Фралоў зноў заявіў: «Я яшчэ раз Вас папярэджваю, здымаць нельга». Падышоў нейкі міліцыянер і ухапіў камеру журналісткі НН.

10:21

Адвакат прайшоў у суд. Магчыма, у будынак прывезлі і Андрэя Гайдукова. Супрацоўнікі міліцыі і асобы ў цывільным чыняць перашкоды працы журналістам, забараняючы фатаграфаць каля будынка суда. На пытанне «Чаму забараняецца весці здымкі?», адказваюць, што ў адваротным выпадку, журналістаў затрымаюць і адвязуць у РАУС. Адказваюць у грубай форме.

З Мінска не прыехаў ніхто ні з палітыкаў, ні з праваабаронцаў. Прысутнічае віцебскі праваабаронца Павел Левінаў (Хельсінскі камітэт), а таксама тры праваабаронцы-вясноўцы.

Сёння ў гэтым жа судзе, дарэчы, разглядаліся дзве адміністрацыйныя справы. Кіраўнік віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў абскарджваў штраф 30 б.в. (3 млн) за распаўсюд незарэгістраванага выдання «Магістрат» (колькасцю больш за 299 асобнікаў). Аўтухоў спрабаваў, каб разгляд скаргі вёўся па-беларуску. Але суддзя Ірына Смалякова адмовіла ў хадайніцтве, і Аўтухоў пакінуў залу суда.

Разглядалася таксама справа сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава на штраф за пікет 26 красавіка. Скарга таксама была незадаволена.

09:40

Каля будынка суда сабралася паўтара дзясятка чалавек, уключна з журналістамі, унутр нікога не пускаюць. Шмат людзей у цывільным, дзяжураць міліцэйскі мікрааўтобус і аўтобус.

Прыйшла да будынка суда і маці Паўла Севярынца — Таццяна Севярынец. Ёй Андрэй Гайдукоў напярэдадні даслаў ліст, у якім напісаў, у чым яго абвінавачваюць (глядзі фота)

Аксана Рудовіч, Таццяна Гаўрыльчык

* * *

Надзвычайны выпадак: чалавека абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, у сераду суд, а ніхто не ведае, на якую краіну ён працаваў.

12 чэрвеня пачынаецца працэс па справе Андрэя Гайдукова. Больш за 7 месяцаў ён знаходзіўся ў турме КДБ. Хлопцу пагражае да 15 гадоў турмы. За гэты час у яго не было ніводнага спаткання з блізкімі. А сябры і паплечнікі адно гадаюць, якая сапраўдная прычына затрымання 23-гадовага навапалачаніна.

Ёсць загадка ў тым, што грамадству дагэтуль не паведамілі ніякай канкрэтыкі, у чым жа віна хлопца. У той жа час суд зрабілі закрытым. Значыцца, журналісты не змогуць прысутнічаць на працэсе. Не пусцяць у залу і сваякоў. А адвакат маўчыць, бо «таямніца следства». І як тады паверыць у абвінавачванні?

На працу хадзіў у строі з «Пагоняй»

Прэса паспела ахрысціць Андрэя «слесарам-шпіёнам». Калі быць дакладным, Гайдукоў працуе аператарам тэхналагічных установак на наваполацкім «Нафтане».
Апроч гэтага, ён студэнт-завочнік 5 курса Полацкага дзяржуніверсітэта, інжынерна-тэхналагічнага факультэта.

«Андрэй рознабаковы. Любіць гістарычную літаратуру, добра разбіраецца ў камп’ютарах. Рыбалкай займаецца — яму ўсё цікава! Прытулку для жывёл дапамагаў», — расказвае маці.

На працу Андрэй прыходзіў у бела-чырвоным гарнітуры з «Пагоняй», кажа сябра БНФ Сяргей Сідараў, які таксама працуе на «Нафтане». Паводле Сідарава, хлопца неаднаразова выклікаў да сябе намеснік дырэктара па ідэалогіі, у прыватнасці, у час «маўклівых акцый».

Наваполацкія актывісты збіралі грошы для сям’і Гайдукова. «Гэта ж нашы хлопцы, „Саюз маладых інтэлектуалаў“, — кажа мясцовы актывіст Сяргей Парчынскі. — Яны заўжды нам дапамагалі. І мы першыя пачалі крычаць пра гэтае затрыманне, заступацца, бо сваіх жа кідаць нягожа!»

Што такое «Саюз маладых інтэлектуалаў»?

Андрэй Гайдукоў быў намеснікам старшыні незарэгістраванага «Саюза маладых інтэлектуалаў». Рыхтаваў дакументы да рэгістрацыі суполкі ў якасці міжнароднай арганізацыі. Праводзіў перамовы з расійскімі юрыстамі, выязджаў у Маскву.

«Мы яднаем маладых людзей, якія хочуць удасканальвацца, ствараць сумесныя праекты, удзельнічаць у грамадскай дзейнасці. Мэта — стварэнне моцнай моладзевай арганізацыі ці партыі, якая прадстаўляе інтарэсы інтэлектуальнай эліты». Так напісана ў суполцы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Але ці чуў хто пра рэальную дзейнасць арганізацыі з даволі гучнай назвай?

«Саюз маладых інтэлектуалаў» утварыўся ў 2009, расказаў Яўген Канстанцінаў, яго старшыня. Летам 2011 маладзёны ўдзельнічалі ў «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі». Там Яўген і пазнаёміўся з Андрэем.

Хлопец падаўся адукаваным, і Яўген зрабіў яго сваім намеснікам. Дзякуючы працы апошняга, незарэгістраваную арганізацыю прынялі ў Нацыянальную платформу «Усходняга партнёрства», Альтэрнатыўную моладзевую платформу.

Абвінавачанні супраць Гайдукова, на думку яго паплечніка, абсурдныя.

Чаму затрымалі намесніка, а не «шэфа»? Яўген лічыць, што гэта звязана з тым, што Андрэй займаўся міжнароднай рэгістра¬цыяй аргані¬зацыі. Аднак гэта не выглядае праўдападобным тлумачэннем.

У лістах з турмы КДБ Гайдукоў пісаў, што найлепшым падарункам для яго будзе рэгістрацыя «саюза». Аднак па словах Кан¬станцінава, пакуль займацца гэтым няма сэнсу:

«Усе ў чаканні прысуда. Ад рашэння суда залежаць і нашыя далейшыя дзеянні».

Зімой Канстанцінава выклікалі на допыт па справе Гайдукова. Аднак цікавіліся не справамі «інтэлектуалаў», а яго датычнасцю да мясцовай гей-суполкі — зімой актывістаў сэкс-меншасцяў «прыціснулі» ўлады за спробу рэгістрацыі сваёй арганізацыі.

Цяпер Яўген працуе адміністратарам у адным з гандлёвых цэнтраў Мінска. На суд яго ў якасці сведкі не выклікалі.

За што судзяць хлопца: версіі

Паводле афіцыйнай версіі, Гайдукоў падазраецца ў супрацы з замежнай выведкай, а менавіта — перадачы палітычнай і эканамічнай інфармацыі пра Беларусь.
Каму і якога кшталту інфармацыя перадавалася — невядома. Нядаўна старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што тыя, хто абараняюць Гайдукова, пасля рашэння суда «апынуцца ў нязручным становішчы». Суд па справе Гайдукова будзе закрытым.

Праваабаронцы звязваюць пераслед актывіста з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзь. Яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў Гайдукоў працаваў у штабе Андрэя Саннікава. Пасля удзельнічаў у парламенцкай кампаніі, назіраў на выбарах. Аднак праваабаронцы не спяшаюцца даваць яму статус "палітвязня", бо бракуе інфармацыі. А раптам ён сапраўды адначасова рабіў нешта іншае.

Іншую версію — што Гайдукова затрымалі, калі той перавозіў газету «Хартыя’97» для распаўсюду на Віцебшчыне, — агучыла «Еўрапейская Беларусь».

Яшчэ адна версія заключаецца ў тым, што Гайдукоў нібыта «зліваў» інфармацыю пра аб’ёмы перапрацоўкі на сваім заводзе расійскім спецслужбам, а зусім не ЦРУ. Аднак адкуль у рабочага мог быць доступ да «сакрэтных» дадзеных?

* * *

Даведка НН: як гэта было

У чацвер 8 лістапада 2012 супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Віцебску Андрэя Гайдукова. Сам хлопец з Наваполацка. Пасля затрымання ў яго кватэры адбыўся ператрус. Забралі дыскі і два камп’ютары: ягоны і бацькі.

У той жа дзень затрымалі яшчэ аднаго актывіста — сябра БХД Іллю Багданава, аднагодку Гайдукова. Аднак Багданава неўзабаве вызвалілі пад падпіску аб неразгалошванні. Вядома, што яго вазілі ў КДБ у Мінск, а дома праводзілі ператрус і канфіскавалі камп’ютар.

11 лістапада Гайдукова прывозяць у Мінск у СІЗА КДБ, знакамітую «амерыканку». Спецслужбы заявілі, што «спынена супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Беларусі», які збіраў і перадаваў палітычную і эканамічную інфармацыю замежнікам. Затрыманне нібыта адбылося «ў момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы». Завялі справу «здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці». А гэта ад 7 да 15 гадоў турмы.

Гайдукова перакідвалі то ў Віцебск, то зноў у Мінск. Бацькі Андрэя застаюцца ў няведанні, што з іх сынам: «Мы так і не можам зразумець, што насамрэч адбываецца вакол сына».

Каментары15

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Загінуў 20-гадовы кобрынскі блогер3

Загінуў 20-гадовы кобрынскі блогер

Усе навіны →
Усе навіны

Парашутыстка захрасла на дрэве ў Маларыцкім раёне4

Віла нацысцкага злачынцы Германа Гёрынга прадаецца за 18 мільёнаў еўра1

Праз «пагрозу жыццю і здароўю грамадзян». У Мінску да канца года перакрыюць вуліцу Галадзеда

Марына Ментусава расказала, чаму разышлася з мужам13

Мінабароны Беларусі закупіць беспілотнікаў на 3,3 мільёна даляраў5

Адну з найвялікшых сінагог Беларусі прадаюць у Кобрыне

Той рэдкі выпадак, калі Лукашэнка сказаў праўду23

Былы беларускі футбаліст прыняў сан ксяндза1

«Адпусціце, калі ласка, сына!» Амерыканца з амнезіяй, які нелегальна прыехаў у Беларусь, не аддаюць маці5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў 20-гадовы кобрынскі блогер3

Загінуў 20-гадовы кобрынскі блогер

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць