Паўночнакарэйскае кіраўніцтва не адказала на тэлефонны званок з Сеула на наступны дзень пасля паведамлення аб адмене перамоваў паміж дзвюма краінамі, паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва Ёнхап.
У Міністэрстве па справах аб'яднання Паўднёвай Карэі заявілі, што пазней у сераду будзе зроблена паўторная спроба датэлефанавацца да Пхеньяна.
Напярэдадні стала вядома, што Сэул і Пхеньян не змаглі дамовіцца пра ўмовы правядзення першай за шэсць гадоў сустрэчы на ўрадавым узроўні, якая павінна была пачацца ў сераду і працягвацца два дні.
Папярэдняя дамоўленасць аб сустрэчы, асноўнай тэмай якой былі б сумесныя эканамічныя праекты, была дасягнута ў нядзелю, але затым бакі не здолелі ўзгадніць склад дэлегацый.
Каментары