У святкаванні XIV Дня беларускага пісьменства, што адбудзецца 2 верасня ў Шклове (Магілёўская вобласць), чакаецца ўдзел каля 5 тыс. гасцей.

Як паведаміла 28 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, у свяце возьмуць удзел вышэйшыя службовыя асобы Беларусі, дыпламаты, вучоныя, дзеячы культуры і мастацтва, артысты, журналісты і пісьменнікі. Сярод іх — артысты Марыінскага тэатра з Санкт‑Пецярбурга, беларускія эстрадныя выканаўцы, а таксама пісьменнікі з Балгарыі, Расіі, Сербіі і Украіны. З удзелам замежных літаратараў 31 жніўня ў сталічным Доме прэсы пройдзе пасяджэнне круглага стала на тэму «Славянская літаратура і выклікі сучаснасці».

Урачыстае адкрыццё Дня беларускай пісьменнасці пачнецца 2 верасня апоўдні на галоўнай сцэне ля шклоўскай ратушы. Там жа пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор мастацкай літаратуры 2006 года «Залаты купідон» і нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» «Залаты фаліянт». У рамках фестывалю кнігі і прэсы, што пройдзе ў гэты ж дзень ля шклоўскага раённага Дома культуры, будзе прадстаўлена рэтраспектыўная выстава выданняў Янкі Купалы і Якуба Коласа, прысвечаная 125‑годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры. Экспазіцыя, падрыхтаваная Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, уключае 310 кніг — усе творы народных паэтаў Беларусі, выдадзеныя ў краіне з 1925 па 2007 гады.

У праграму свята таксама ўключана цырымонія адкрыцця новай экспазіцыі Шклоўскага раённага краязнаўчага музея ў будынку на вуліцы Савецкай і помніка расійскаму ваеннаму дзеячу, генерал‑лейтэнанту Сямёну Зорычу. З 1778 па 1799 гады ён валодаў мястэчкам Шклоў, дзе заснаваў дваранскае вучылішча, тэатр і мануфактуры.

Як зазначыла Л.Ананіч, выдавецтва «Беларусь» прымеркавала да свята выпуск фотаальбома «Шклоў», а выдавецтва «Мастацкая літаратура» — кніг «Мой Магілёў» (у серыі «Твае гарады, Беларусь») і «Адсюль выток, адсюль натхненне. Шклоўшчына літаратурная» (у серыі «Беларусь літаратурная»).

Паводле слоў намесніка міністра інфармацыі, у 2008 годзе Дзень беларускага пісьменства плануецца правесці 7 верасня ў Барысаве (Мінская вобласць).

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0