З-за забастоўкі авіядыспетчараў у Францыі сёння адменены рэйс з Мінска ў Парыж і затрыманы вылет у Барселону, паведамілі БелаПАН у прэс-службе нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Самалёт па маршруце Мінск — Барселона павінен быў вылецець у 13.30, а адправіўся ў 16.10. Гэты рэйс праходзіць цераз паветраную прастору Францыі, і міжнароднымі службамі быў дазволены вылет пазней, чым прадугледжана раскладам.

Паводле інфармацыі прэс-службы НАК «Белавія», рэйс Мінск — Парыж 12 чэрвеня адменены. Пра гэта было аб’яўлена 11 чэрвеня. Гэта таксама звязана з забастоўкай французскіх авіядыспетчараў. Плануецца, што 13 чэрвеня самалёт у Парыж вылеціць па раскладзе.

Забастоўка авіядыспетчараў у Францыі 12 чэрвеня распаўсюдзілася на 11 краін, паведамляе RTE News. Супрацоўнікі аэрапортаў пратэстуюць супраць планаў Еўрасаюза стварыць сістэму «адзінага еўрапейскага неба». Прафсаюзы апасаюцца, што яна можа прывесці да істотных скарачэнняў працоўных месцаў ці зарплат у галіне.

Страйк пачаўся ў Францыі днём раней. Французскія прафсаюзы называюць спробу прыняць закон аб адзіным небе прамой атакай на гэту сферу, якая прадастаўляе грамадска значныя паслугі. З-за забастоўкі ўжо адменены каля 1.800 рэйсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?