Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч паставіў задачу завяршыць падрыхтоўку асноўных аб’ектаў Мінска да хакейнага чэмпіянату свету-2014 да канца гэтага года. Такое даручэнне ён даў 12 чэрвеня на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, паведаміла прэс-служба ўрада.

Так, да 7 лістапада павінен быць здадзены ў эксплуатацыю шматфункцыянальны спартыўна-забаўляльны комплекс «Чыжоўка-Арэна», да 1 снежня неабходна выканаць добраўпарадкаванне прылеглых да яго тэрыторый. «З 1 снежня „Чыжоўка-Арэна“ павінна працаваць», — адзначыў Мясніковіч.

Да канца года неабходна ўвесці яшчэ адзін буйны комплекс — «Аква-Мінск» з прылеглай да яго інфраструктурай. Узвядзенне новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны павінна завяршыцца да 1 жніўня.

Акрамя таго, прэм’ер-міністр запатрабаваў у запланаваныя тэрміны завяршыць работы па ўводзе ў эксплуатацыю 10 новых гатэляў, а таксама падрыхтоўцы студэнцкіх інтэрнатаў да прыёму гасцей чэмпіянату ў Мінску. Для працы ў новых гатэлях спатрэбіцца прыцягнуць 1,2 тыс. чалавек. Мясніковіч даў даручэнне арганізаваць для персаналу такіх аб’ектаў майстар-класы, у тым ліку па англійскай мове.

«Тое, што тычыцца падрыхтоўкі транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкавання, усё гэта трэба зрабіць сёлета, да 1 кастрычніка», — падкрэсліў ён.

Мясніковіч дадаў, што чэмпіянат свету па хакеі «з’яўляецца знакавай падзеяй для Беларусі і ён павінен быць праведзены на высокім узроўні».

Як паведаміў на пасяджэнні старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, работы па наяўным утрыманні, рэканструкцыі, капітальным рамонце і будаўніцтве аб’ектаў транспартнай інфраструктуры ў Мінску да чэмпіянату свету па хакеі будуць завершаны ва ўстаноўленыя тэрміны. У чэрвені ўвядуць першую чаргу транспартнай развязкі Арлоўская — Ціміразева. Да канца верасня плануецца запусціць другую чаргу аб’екта. Да кастрычніка таксама ўвядуць у эксплуатацыю другую чаргу развязкі па праспекце Дзяржынскага. «Такім чынам, транспартныя развязкі, якія былі запланаваны з улікам аптымізацыі ў Мінску, будуць завершаны», — канстатаваў ён.

Ладуцька таксама запэўніў, што да канца гэтага года будзе вырашана задача па стварэнні 20 тыс. месцаў для адначасовага размяшчэння ў Мінску фанатаў, турыстаў і гасцей чэмпіянату свету па хакеі.

Асобная ўвага надаецца абнаўленню пасажырскага транспарту горада: закупляюцца новыя аўтобусы і вагоны метро.

Да чэмпіянату свету па хакеі, заявіў Ладуцька, зменіцца і вонкавае аблічча Мінска — зменіцца мастацкае афармленне горада, на цэнтральных вуліцах з’явяцца новыя элементы ілюмінацыі.

Марына Носава, БелаПАН

http://by.belapan.by/archive/2013/06/12/630442_630463/

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?