Аўтары кнігі «Спадчына Беларусі» — журналіст БТ Алег Лукашэвіч і ягоны калега Аляксандр Аляксееў — падаюць у суд на аўтараў іншага знакавага выдання — ілюстраванага тома «Краіна Беларусь». Тэксты ў ім належаць пісьменніку Арлову, а фоташэраг — ілюстратару Герасімовічу. У кнізе знайшлося 22 фоты з выдання «Спадчына Беларусі» без указання аўтарства.

Пра гэта Лукашэвіч паведаміў у лісце, накіраваным у «Нашу Ніву»:

«Мы з цікавасцю вырашылі пазнаёміцца з новым выданнем тандэма Арлоў-Герасімовіч. Аднак асалода ад кнігі прайшла, калі адзін за другім мы пачалі пазнаваць свае фотаздымкі помнікаў архітэктуры і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх было не адзін, не два, нават не пяць, а 22 адзінкі. Цікава, што пад некаторымі НАШЫМІ фотаздымкамі змяшчаўся подпіс: фотаздымак Змітра Герасімовіча альбо проста „сучаснае фота“. Мы не маглі паверыць сваім вачам у такое нахабства. Ні спадар Уладзімір Арлоў, ні спадар Зміцер Герасімовіч не звярталіся да нас з просьбай аб прадастаўленні здымкаў. Іх проста скралі з нашага альбома і выдалі за сваю вялікую працу. Ці ведаюць спадары, што кожны здымак наогул мае свайго аўтара? Што гэта аўтарскі твор? Такім чынам скрадзеныя здымкі надрукаваны у 5000 экземплярах. Калі б падобная сітуацыя склалася, напрыклад, у Францыі, увесь тыраж быў бы арыштаваны.

Гэта не першы выпадак, калі нашыя здымкі нахабна крадуць. Мы ўжо выйгралі некалькі падобных спраў у судзе. І далей будзем ахоўваць тое, што належыць нам.

Зараз наш юрыст рыхтуе заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь».

Ілюстратар альбома «Краіна Беларусь» Зміцер Герасімовіч кажа, што браў фотаздымкі ў выдавецтве «Беларусь».

Аналагічная сітуацыя здаралася і з фотаздымкамі Георгія Ліхтаровіча, кажа Герасімовіч. Там усё вырашылася пасля тэлефоннай размовы. Было вырашана, што ў наступных выданнях аўтарства будзе ўдакладнена. Уладзімір Арлоў пакуль нічога не можа сказаць пра гэтае непрыемнае становішча.

Кніга «Краіна Беларусь» — цудоўнае выданне ў добрай паліграфіі, якое апавядае пра гісторыю нашай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?