Кампанія General Motors і беларуска-брытанскае прадпрыемства «Юнісон» падпісалі 13 чэрвеня рамачнае пагадненне аб зборцы мадэляў аўтамабіляў General Motors на вытворчых магутнасцях СП ЗАТ «Юнісон».

Подпісы пад дакументам паставілі прэзідэнт і дырэктар-кіраўнік кампаніі «Джэнерал Мотарз Расія і СНГ» Джэймс Бовензі і генеральны дырэктар СП ЗАТ «Юнісон» Дзмітрый Ягораў.

Як паведамілі БелаПАН на прадпрыемстве «Юнісон», першыя аўтамабілі сыдуць з канвеера вясной 2014 года. Аўтамабілі будуць вырабляцца для ўсіх рынкаў краін Мытнага саюза, а іх кошт будзе вызначаны бліжэй да пачатку выпуску.

Першай мадэллю, зборка якой пачнецца ў 2014 годзе, будзе Opel Corsa — адзіная з масавых мадэляў General Motors, якая прадаецца ў Расіі і вытворчасць якой яшчэ не была лакалізавана. Плануецца выпуск усіх прапанаваных сёння на расійскім рынку мадыфікацый Opel Corsa, у тым ліку трох- і пяцідзверных версій. Выключэнне складзе толькі версія OPC, вытворчасць якой застанецца пакуль у Заходняй Еўропе.

Кампанія «Юнісон» пры непасрэдным удзеле спецыялістаў General Motors правядзе закупку, мантаж і наладку ўсяго неабходнага абсталявання для пачатку зборкі новай мадэлі, а таксама арганізуе навучанне персаналу прынцыпам вытворчасці і кантролю якасці, прынятым на заводах General Motors па ўсім свеце.

Opel Corsa — невялікі аўтамабіль, што выпускаецца General Motors з 1982 года, найбольш прадаецца з мадэляў маркі Opel. Opel Corsa тасам выпускаецца пад маркамі Vauxhall Corsa (у Вялікабрытаніі) і Chevrolet Corsa (у Паўднёвай Амерыцы і Азіі).

Сумеснае прадпрыемства ЗАТ «Юнісон» размешчана ў вёсцы Абчак за 10 км ад Мінска. Было заснавана ў 1996 годзе як беларуска-брытанскае сумеснае прадпрыемства Ford Union, а ў 2000 годзе пераўтворана ў СП ЗАТ «Юнісон». За перыяд дзейнасці ажыццяўляла зборку шэрагу аўтамабільных марак, уключаючы Ford, KIA, Samand.

У 2010 годзе СП ЗАТ «Юнісон» рашэннем Камісіі Мытнага саюза было ўключана ў пералік суб’ектаў гаспадарання МС, якія атрымалі права працаваць у рэжыме прамысловай зборкі і імпартаваць дэталі на тэрыторыю Мытнага саюза па льготнай стаўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?