Праз два гады Літва будзе адзначаць тысячагоддзе першай згадкі аб ёй у летапісах. Вось чаму Вільня першая са сталіц новых краін Еўрапейскага Саюза атрымала такі ганаровы тытул. Рэалізацыя праектаў у рамках гэтай праграмы будзе каштаваць Літве 23 млн еўра, 60 працэнтаў з якіх выдзяляе Урад Літвы, астатнія выдаткі бярэ на сябе самакіраванне Вільні.

Плануецца ажыццявіць 400 праектаў, 250 — у гэтым годзе, астатнія — ў наступным. Толькі адзін праект будзе фінансавацца Еўрапейскім Саюзам.

Аднак, на прэс‑канферэнцыі, прысвечанай праграме «Вільня‑2009» былы мэр літоўскай сталіцы Артурас Зуокас зазначыў: «Мы разлічваем прыцягнуць еўрапейскія грошы на развіццё інфраструктуры».

Ужо зараз можна ўбачыць як Вільня рыхтуецца да 2009 года: ідзе рэканструкцыя гістарычных будынкаў, прайшоў музычны фестываль «Be2gether», які быў, па словах арганізатараў, толькі рэпетыцыяй таго фестывалю, што адбудзецца праз два гады, а па вуліцах Вільні ездзяць аўтобусы і тралейбусы з партрэтамі кампазітараў, музыка якіх і гучыць у гэтых транспартных сродках. Культура таксама патрабуе рэкламы!

У 2009 арганізатары абяцаюць Літву зрабіць краінай фестываляў і правесці фестывалі оперы, электроннай музыкі, яўрэскай музыкі, субкультуры, рок‑фестываль «Be2gether» на мяжы з нашай краінай.

Даведка. У 1985 годзе па ініцыятыве міністра культуры Грэцыі Меліны Мэркуры Еўрапейскі Саюз распачаў праграму «Культурная сталіца Еўропы». Лічыцца, што гэта самая ўдалая праграма ЕС у плане культуры. За апошнія 22 гады больш за 30 гарадоў краін ЕС атрымалі гэты тытул. Мэта — пазнаёміць еўрапейцаў з культурным і гістарычным набыткам краін ЕС, а таксама выпрацаваць доўгатэрміновую праграму развіцця еўрапейскіх гарадоў. У 2007 годзе культурнымі сталіцамі Еўропы з’яўляюцца Люксембург і Сібіу (Румынія). Эстонія, Латвія і Польша атрымаюць права зрабіць адзін са сваіх гарадоў сталіцай Еўропы адпаведна ў 2011, 2014, 2016 гадах.

Наталля Ярмольчык, TUT.BY

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0