Расійскамоўную версію роліка «Футбол ― гэта…» за пяць дзён праглядзелі 28 тысяч чалавек. Цяпер форвард зборнай Беларусі і БАТЭ Віталь Радзівонаў перазапісвае відэа па-беларуску. Мастацкі пераклад тэксту зрабіў Лявон Вольскі.

«Мы адразу ж вызначыліся, што будуць версіі на дзвюх мовах, ― згадвае Віталь Радзівонаў, як абмяркоўвалі канцэпцыю матывацыйнага роліка. ― „Расійскі“ варыянт гледачам спадабаўся. Цяпер будзе цікава паназіраць за рэакцыяй на беларускамоўную версію. Рэклама роднага слова ― гэта абсалютна нармальная пазіцыя грамадзяніна. Гэта нават не абмяркоўваецца».

Зняў відэа 19-гадовы мінскі студэнт-эканаміст Антон Мамоненка ўсяго за 100 даляраў.

«Гэта маё хобі. За ўзор я ўзяў відэаролікі, якія робяцца для такіх брэндаў, як „Найк“ ці „Адыдас“, ― кажа Антон. ― Аналізаваў, з якіх ракурсаў яны здымаюць, якімі аб’ектывамі. Хацелася зрабіць круты ролік з разлікам на дзіцячую аўдыторыю. Можа быць, гэта дапаможа камусьці з дзяцей зрабіць выбар у бок спорту, футбола. Звярнуліся з прапановай да вядомых беларускіх гульцоў. Першым адгукнуўся Віталь Радзівонаў».

Наведваем футбаліста і яго здымачную брыгаду падчас запісу беларускамоўнага варыянту. Сціплая студыя месціцца проста ў кватэры гукарэжысёра ― Івана Кудзеркі.

Падчас запісу Віталь Радзівонаў вымаўляе некаторыя самабытныя беларускія словы ўпершыню. Што праўда, падыход да працы ў форварда перфекцыянісцкі. Пакуль не вымавіць правільна ― працягвае рупліва запісваць дублі.

Беларускамоўную версію відэароліка плануюць выкласці 14 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?