Па вялікім рахунку, я вывучыў беларускую мову ў сьвядомым веку, дзесьці ў 9 ці 10 клясе школы. Чытаючы «Нашу Ніву» тарашкевіцай праз інтэрнэт, а потым — размаўляючы па-беларуску дома.

Перад гэтым я, маскоўскае дзіця, калісь даўно паўтара года хадзіў у школу ў Менску, дзе беларуская мова і беларуская літаратура ў выкладаньні суворай настаўніцы — як потым высьветлілася, зацятага члена ТБМ — былі сярод самых нелюбімых маіх прадметаў.

Калі б не тарашкевіца, маё зацікаўленьне беларушчынай, напэўна, магло б і не перамагчы непрацяглых і малапрыемных школьных успамінаў. Прыкладна гэта і тлумачыць адрозьненьне майго стаўленьня да тарашкевіцы і наркамаўкі.

Тарашкевіца для мяне — сымбаль вызваленьня з рамак, створаных ня самымі разумнымі людзьмі ў ня самых здаровых умовах,
сымбаль вяртаньня назад да чагось першаснага і правільнага.
І так, гэта таксама сымбаль пэўнай фронды, пэўнага дэманстратыўнага пратэсту ня толькі супраць русіфікацыі і небеларускамоўнасьці як такой, але і супраць кандовай і мёртвай савецкай беларушчыны, усяго гэтага сялянска-жабрацкага енку пра «беларуса — пан сахі», «зямельку нашу гаротную» і «мужыка, дурнога як варона» з пыльных і панурых бээсэсэраўскіх школьных падручнікаў.

Пачаць карыстацца наркамаўкай я ў выніку змог толькі пасьля дзесяці год пасьлядоўнага карыстаньня тарашкевіцай, дый то я ніколі па-аўтарску не напішу на беларускай мове «Венгрыя», «Германія» ці «Савет Еўропы».

Шкада, што пасьля таго, як ад тарашкевіцы адмовілася «Наша Ніва», унутры Беларусі раптоўна не засталося ўплывовых СМІ, якія б яе трымаліся. Цяпер вернымі тарашкевіцы застаюцца толькі беларускія рэдакцыі радыё «Свабода», радыё «Палёнія» і сайты БНФ ці КХП-БНФ, а таксама камунікаты Рады БНР.

Але

адсутнасьць уплывовых унутрыбеларускіх СМІ на тарашкевіцы не закрывае пытаньня наконт таго, ці ня ёсьць у ідэале мэтазгодным увядзеньне тарашкевіцы ў якасьці афіцыйнага дзяржаўнага стандарту. Я лічу, што адказ хутчэй «так»,
чым «не».
Чым яшчэ тарашкевіца лепшая за наркамаўку:

Не ўнармаванасьць дзяржавай. Я прынцыповы праціўнік таго, каб нейкія дзяржаўныя чыноўнікі, нават надзеленыя акадэмічнымі тытуламі, навязвалі нам, дарослым людзям, стандарт таго, як нам карыстацца нашай мовай. І пагатоў наважаліся штрафаваць за невыкананьне іхных правілаў.

Моўная норма павінна быць вынікам кансэнсусу карыстальнікаў, а не дыктату прызначаных зьверху акадэмічных чынуш
— і кадыфікацыя тарашкевіцы, у свой час прапанаваная калектывам не афіліяваных зь дзяржаваю мовазнаўцаў, добра на ролю гэткага «грамадзкага стандарту» падыходзіць. Прытрымліваньне гэтай нормы павінна быць у нейкім сэнсе аналягам добрага густу, а не абавязкам. А акадэмікі гэтую норму павінны фіксаваць, а не фармуляваць і навязваць.

● Самае галоўнае — большая лягічнасьць і пасьлядоўнасьць. Наркамаўка — гэта сьвядома зрусіфікаваная вэрсія беларускай мовы, яна такой была, ёсьць і будзе заўжды.

Зьвярніце ўвагу, слова «шоу» на наркамаўцы пішацца насуперак усім магчымым аргумэнтам праз «у», а не «ў», толькі таму, што па-расейску яно таксама «шоу». Пры гэтым «каўбой» пішацца праз «ў» толькі таму, што гэта нам дазваляе расейская мова, дзе яно пішацца праз «в».

Майму шкалярскаму розуму ў шостай клясе так і ня сталася зразумелым, чаму павінны быць «дзверы», а не «дверы», «цвёрды», а не «твёрды».
І толькі тарашкевіца зь яе «цьвёрдымі» «дзьвярыма» дала адказ на гэтае пытаньне.
Замежныя геаграфічныя назвы і імёны ў акадэмічнай наркамаўцы (і пад яе ўплывам) ўвогуле падаюцца выключна ў трасянкападобным «перакладзе» з расейскай мовы
— «Сіці», «Ціроль», «Цімаці Снайдэр», «Юлія Цімашэнка», «Род Сцюарт», «Брус Спрынгсцін» і гэтак далей. У плянах наркамаўскіх русіфікатараў некаторы час было нават увядзеньне ў якасьці нормы словаў кшталту «цеатр», «ліцература» і «целефон» — і на прыкладзе замежных імёнаў і назваў мы гэтую сьвядомую ці падсьвядомую «паўзучую русіфікацыю» бачым у дзеяньні. Хаця нават больш за гэта — нядаўна высьветліў, што ў так званай літаратурнай беларускай мове слова «рутына», routine, таксама пазычаецца не з францускай, а з расейскай, і мае форму «руціна». Каму як, а мне гэта ўсё падчас пары нагадвае проста нейкую «зашытую ў код» гэтага скалечанага савецкага правапісу абразу носьбітам беларускай мовы.
Наркамаўка стваралася дзеля зьнішчэньня беларускай мовы, дзеля таго, каб беларуская мова зрабілася нязручнай і каб людзі адварочваліся ад яе.
І яна гэтую сваю працу пасьпяхова робіць ужо ня першае дзесяцігодзьдзе.
Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?