Змяшчаючы гутарку з Веранікай Себасцяновіч, пішучы, што АК знішчала беларускіх актывістаў, «Наша Ніва» спрабуе гуляць у паліткарэктнасць. А тут пытанне якраз такое, якое патрабуе адназначнага адказу. Адказ жа такі.

1. АК змагалася не так супраць савецкай улады, як за Польшчу ў межах 1921 года, г. зн. зноў жадала падзяліць наш народ і нашу краіну. НН гэта чамусьці забыла. Была б тут улада беларуская, АК гэтак жа змагалася б з ёю.

2. АК забівала не толькі беларускіх актывістаў. Не толькі праваслаўных. Беларусы-каталікі для іх былі не меншыя ворагі.

3. НН няхай апублікуе, што вырабляла АК у Падляшшы. Гэта былі злачынствы супраць чалавечнасці. НН магла б звярнуцца да падляшскіх беларусаў і пачуць ад іх, як цяперашнія польскія ставяцца да злачынстваў АК.

4. Так, сучасная ўлада ў Беларусі СУБ’ЕКТЫЎНА ацэньвае дзеянні АК з прасавецкіх пазіцый, аднак АБ’ЕКТЫЎНА атрымліваецца, што яна дзейнічае з пазіцый беларускіх. Ушаноўваць памяць, тых хто хацеў далучыць беларускія землі да Польшчы? Тых, хто забіваў беларусаў толькі за тое, што яны беларусы і не хацелі Польшчы на сваёй радзіме?

5. Калі б у нас была сапраўды беларуская ўлада, яна павінна была б прад’явіць Польшчы рахунак за канцэнтрацыйныя лагеры 1919—1921 гг., у якіх голадам і тыфусам нішчылі беларускіх настаўнікаў, за Картуз-Бярозу, за злачынствы АК.

6. Нельга рабіць так, як робяць некаторыя нашыя «інтэлектуалісьці», якія ў інтэрв’ю польскім журналістам лаюць Маскву, Расію, бальшавікоў і забываюць пра злачынствы Варшавы і лонданскага эміграцыйнага ўраду Польшчы. У Расіі кажуць: кто старое помянет, тому глаз долой, а кто его забудет — тому два.

Нельга забываць пра злачынствы Мураўёва, Леніна, Свярдлова, Сталіна, але трэба таксама памятаць пра злачынствы Станіслава Шаптыцкага, пра злачынствы эндэцкага і санацыйнага рэжымаў, пра злачынствы АК. Гістарычная памяць не павінна быць селектыўнай.

***

Ведама ж, устаноўка крыжа акаўцам каштавала грошы. І я стапрацэнтова ўпэўнены, што не Вераніка Себасцяновіч задумала і аплаціла ўсю гэтую акцыю.

Мы маем справу з добра разлічанай правакацыяй. Вераніку Себасцяновіч выкарысталі тыя, у каго ёсць грошы і ёсць палітычныя мэты. Яны падставіцца, дзейнічаць адкрыта не маглі. Затое выкарысталі фанатызм Веранікі Себасцяновіч. З разлікам на тое, што Польшча будзе стаяць на вушах: ах, гэтыя беларусы, судзяць бабулю.

Чытаючы адгаворку: «Няўжо я магу сабраць людзей? Мы наогул не ведалі, што людзі прыйдуць. Людзі даведаліся, што будзе малітва, што будзем асвячаць крыж, і папрыходзілі. А пры чым тут я?», я згадаў, як амаль такімі ж словамі апошні пад саветамі слуцкі ксёндз апраўдваў несанкацыяваныя багаслужбы. «Я ў сябе дома, я малюся, — казаў ён. — А што гэтыя людзі прыйшлі? Дык я іх не клікаў».

«Я лічу так: чалавек, які нарадзіўся і памёр, мае права на пасмяротны крыж», — кажа Вераніка Себасцяновіч.

Мудра. Цікава, хто падвучыў яе?

Гэтая акцыя — своеасаблівае выпрабаванне, тэст: удасца пазбегнуць кары тут — будзем працягваць акцыі ў іншых мясцінах, знойдзем яшчэ не адну Вераніку Себасцяновіч. Так разважаюць тыя, хто выкарыстаў бабулю. Гэта даўно, яшчэ падчас падзелаў, апрабаваная палякамі метода.

Улада зрабіла б мудра, калі б вынесла старой папярэджанне ці ўмоўнае пакаранне. Бо гэта таксама пакаранне. Але гэта было б папярэджаннем і тым, хто стаіць за Веранікай Себасцяновіч. Адначасна гэта не дало б ім магчымасці усчынаць галас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?