Пасьля выяўленьня шэрагу парушэньняў у дзейнасьці рыэлтарскіх арганізацыяў і пакараньня вінаватых, Міністэрства юстыцыі прапанавала рыэлтарам даваць зьніжкі студэнтам на паслугі па пошуку і найму жытла.

Міністэрствы Беларусі сабаку зьелі на пошуку арыгінальных выйсьцяў са складаных сытуацыяў. Гэтым разам на дапамогу 19 тысячам іншагародніх студэнтаў, якім не хапае месцаў у менскіх інтэрнатах, прыйшло не Міністэрства адукацыі альбо Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а Міністэрства юстыцыі.

Днямі гэты дзяржаўны орган праверыў дзейнасьць рыэлтарскіх арганізацыяў па падбору і найму жылых памяшканьняў студэнтам.

Як паведамілі БЕЛТА ў Мінюсце, у выніку выяўлены парушэньні пры аказаньні паслугаў па падбору аб’ектаў для здачы ў арэнду. Вінаватыя асобы прыцягнутыя да адказнасьці.

«Міністэрства прапанавала рыэлтарскім арганізацыям разгледзіць пытаньне аб зьніжках студэнтам пры аплаце паслугаў па падбору і найму жыльля,» — адзначылі ў Мінюсьце.

Заўвагі ж да рыэлтарскіх кампаніяў тычыліся збольшага пытаньняў ідэнтыфікацыі работнікаў арганізацый. Часта тыя адмаўляюцца назваць сваё імя, калі кліент тэлефануе. У любым выпадку, рыэлтар мусіць прадстаўляцца і пры сустрэчы паказваць плястыкавае пасьведчаньне, нават калі яго пра гэта і ня просяць.

Паколькі парушэньняў было выяўлена нямала, рыэлтарскія кампаніі, хутчэй за ўсё, намёк Міністэрства зразумелі і да парады прыслухаюцца.

generation.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0