Адборачны турнір для зборнай Беларусі па гандболе скончыўся феерычна.

Барыс Пухоўскі выцягнуў беларусаў на Еўра.

Барыс Пухоўскі выцягнуў беларусаў на Еўра.

Хаця хто б у такое паверыў адразу пасля лёсавання. Хлопцы Юрыя Шаўцова трапілі ў адну групу з Ісландыяй (адна з наймацнейшых зборных свету на працягу апошніх дзесяцігоддзяў), Славеніяй (чацвёртая каманда на апошнім сусветным першынстве) і Румыніяй.

Пачатак адбору толькі ўзмацніў песізм балельшчыкаў. Адчувальная параза ў Рэйк’явіку. А потым нічыя ў гульні са Славеніяй дома, хаця маглі выйграваць. Дзве чаканыя перамогі над Румыніяй не надалі ўпэўненасці. Бо ў дзвюх апошніх сустрэчах нашых чакала яшчэ тое выпрабаванне — хатні матч з Ісландыяй і гасцявы з Славеніяй.

Магчыма, ісландцы прыбылі ў Мінск занадта расслабленымі, бо ўжо забяспечылі сабе раней пуцёўку на Еўра. Як вынік нашы перамаглі гастрольных гасцей нават без траўмаванага Сяргея Рутэнкі — 29:23.
У Любляне беларусаў магла задаволіць нічыя. І нават параза, але пры ўмове, што Расія і Аўстрыя не згуляюць унічыю. Зрэшты, чаго спадзявацца на іншых, калі ўсё было ў беларускіх руках.

Рутэнка выйшаў на славенскі паркет (для яго гэты матч значыў шмат, бо Сяргей некалі гуляў за гэтую зборную), хоць гульня давалася яму вельмі цяжка. Адчувалася, што наша зорка знаходзіцца ў недастаткова добрых кандыцыях праз траўму. Найчасцей ён не сам кідаў па варотах, а выводзіў на завяршальны кідок партнёраў.

У Рутэнкі — пяць галоў. У два разы болей за яго закінуў Барыс Пухоўскі. Ён зноў, як і ў гульні з Ісландыяй, узяў на сябе ролю лідара. Хаця лідарам была ўся каманда. Выдатныя сэйвы Казіміра Катлінскага і Віталя Чарапенькі, гульня праз боль Максіма Бабічава, важныя кідкі Дзяніса Рутэнкі і Сяргея Шыловіча.
У першым тайме быў момант, калі нашы саступалі пяць галоў. У другім тайме былі арэлі. То адна зборная правядзе выдатны адрэзак, то іншая. Аднак беларусы ні разу не ўпускалі гаспадароў больш чым на адзін мяч. Выдатная гульня. І нервы беларусаў аказаліся крапчэйшымі, рукі не дрыжэлі пры вырашальных кідках. Перамога — 35:33.
Цяпер гульня Аўстрыі і Расіі для нас зусім нічога не значыць. Беларусы паедуць на Еўра-2014 у Данію (пройдзе з 12 па 26 студзеня).
Гэта другі запар топ-турнір куды праходзяць хлопцы Шаўцова, такога ў беларускім гандболе не было з пачатку 1990-ых.

Відэа Прессбола

Вызначыліся ўсе 16 удзельнікаў фінальнага турніру чэмпіянату Еўропы.

Гэта зборныя Даніі (гаспадыня першынства і дзеючы чэмпіён Еўропы), Іспаніі, Македоніі, Чэхіі, Чарнагорыі, Францыі, Нарвегіі, Харватыі, Венгрыі, Швецыі, Польшчы, Ісландыі, Беларусі, Сербіі, Аўстрыі і Расіі (лепшая з каманд, якія занялі 3-я месцы ў групах).

Лёсаванне фінальнага турніру пройдзе ў дацкім Хернінгу 21 чэрвеня і пачнецца ў 19.30 па беларускім часе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?