На сайце «Нашай Нівы», якая навязала дыскусію ў недыскутабельным пытанні, я прачытаў вельмі дзіўнае пытанне кваліфікаванага гісторыка Алеся Пашкевіча: чаму грамадзянка і жыхарка Беларусі Вераніка Себасцяновіч не можа ўсталяваць крыж па сваім былым камандзіру з польскай Арміі Краёвай?

Можа. На могілках. На індывідуальнай магіле. І ніхто ёй гэтага не забароніць. Вераніка ж Себасцяновіч паставіла не надмагільны крыж на могілках, а помнік у выглядзе крыжа, маштабы якога аніяк не надаюцца на ўшанаванне памяці аднаго чалавека. І гэта помнік не камандзіру, а баевікам Арміі Краёвай. А вось на такую акцыю патрэбен (у любой краіне) дазвол уладаў.

Выраб такога вялікага крыжа-помніка, надпісу на ім, яго транспарціроўка, устаноўка — усё гэта каштуе не адзін мільён. Вы, спадар Пашкевіч, верыце, што В. Себасцяновіч сама ажыццявіла ўсю гэтую акцыю ад задумы да здзяйснення? Знайшла матэрыял, майстроў, знайшла перавозчыкаў, заліўшчыкаў бетону і г. д?

Гэта, спадар Пашкевіч, палітычная акцыя цэлай групы аднадумцаў. А што наперад выставілі пажылую жанчыну? Дык гэта прыём такі. Даўно вядомы, апрабаваны.

Другое пытанне якое Вы задалі: «Той камандзір — злачынца? Гэта даведзена фактамі?».

Уявіце сабе, спадар Пашкевіч, такога эсэсаўца, які аніразу не стрэліў, аніразу не выцяў іншага чалавека. І ўсё ж прыналежнасць гэтага чалавека да СС, арганізацыі злачыннай, няславіць яго. Нават такога выдатнага чалавека, як нобелеўскі лаўрэат Гюнтэр Грас. Усе крытыкі і біёграфы лічаць цяпер патрэбным напісаць у тэксце пра пісьменніка прыблізна такі сказ: «Служыў у СС».

Вы ж, мусіць, ведаеце, спадар Алесь, якія зверствы ўчынялі акаўцы. Чыталі. Чулі. Тое, што арганізацыя не абвешчана злачыннай, нічога не мяняе. Ёсць такое паняцце — злачынствы супраць чалавечнасці. Яны не прабачаюцца. І не маюць тэрміну даўнасці. АК, без сумнення, такія злачынствы ўчыняла.

Наступнае пытанне: «Ці… мы будзем мясцовым палякам усё забараняць…?" Усё забараняць, як забаранялі палякі беларусам у 1921—1939 гг., мы не будзем. А вось ставіць помнікі беларусазабойцам і ворагам беларускай дзяржаўнасці на плошчах, у парках і скверах, у палях і ў гаях мы не дазволім. Як палякі не дазволяць ставіць помнікі паляказабойцам і ворагам польскай дзяржаўнасці.

Палякі ў нас — меншасць. Меншасць павінна быць лаяльнаю ў дачыненні да тае дзяржавы, у якой жыве. І не правакаваць той народ, сярод якога жыве. Акцыя, пра якую мы вядзем гаворку, была правакацыяй. У Вас ёсць на гэты конт сумненні?

Наконт «хто падвучыў?». Вы спрабуеце звесці маё выказванне да абсурду. Я ж упэўнены, што словы пра тое, што кожны, хто жыў і памёр, мае права на крыж, Вераніцы Себасцяновіч падказаныя. Але ў дадзеным выпадку сэнтэнцыя «не пляшет». Бо гаворка, паўтараю, не аб сціплым крыжы на індывідуальнай магіле на могілках.

Наконт беларускага рахунку да Польшчы.

Польшча цягам двух дзесяцігоддзяў вяла ў нашай краіне рабаўнічую палітыку. Апроч таго, можна падлічыць, колькі гімназій і школ зачынілі польскія ўлады, колькі дэкларацыяў аб адчыненні беларускіх школ кінулі ў сметнік, колькі нашых пісьменнікаў і культурнікаў кінулі за краты… Яшчэ страшнейшае злачынства Польшчы перад Беларуссю — тое, што сваёй палітыкай польскія ўлады пашыралі ў нашай краіне пракамуністычныя настроі, камунізавалі народ.

Усё можна падлічыць, спадар Алесь. Але не сённяшняй уладзе ў Менску займацца падлікамі, бо яна ў дачыненні да беларускай культуры, адукацыі, навукі дзейнічае не менш разбуральна, чым эндэцкі і санацыйны рэжымы.

Наконт таго, як Польшча магла б сплаціць свой доўг. Усведамляю, што патрабаваць рэпарацыі з Польшчы позна. Але нагадваць Польшчы і палякам пра іх віну перад Беларуссю трэба, бадай, штодня. І самім ні на міг не забываць. Як і пра віну Расіі.

І апошняе. Я, мусіць, не выдам Вам таямніцу, спадар Пашкевіч, калі скажу: Беларусь зноў з’яўляецца прадметам імперыялістычных памкненняў нашых усходняга і заходняга суседзяў. З адной толькі папраўкай: неаімперыялістычных. Цяпер не эпоха каланіяльных заваёў. Цяпер замест Lebensraum дзяржавы дбаюць аб Wirtschaftsraum. Навошта захопліваць тэрыторыю, калі краіну можна паставіць у эканамічную, культурную і г. д. залежнасць? У беларускіх газетах апошняга часу я чытаю, што Беларусь трапіла ў поўную залежнасць ад Расіі. Аднак рукі сюды цягнуць і Варшава, і польскі капітал. Ведама, яны не могуць не разлічваць на тутэйшых палякаў. У дадатак, паводле маіх назіранняў, апошнім часам культурніцкае паланафільства некаторых нашых суродзічаў няўзнак перарасло ў палітычнае. Навязаная «Нашай Нівай» дыскусія вакол недыскутабельнага пытання — ці трэба ставіць помнікі ворагам Беларусі і злачынцам супраць чалавечнасці? — з усёй відавочнасцю паказвае гэта. Прычына ж гэтай з’явы на паверхні: прамаскоўская палітыка ўладаў.

Дыскусія і наша ява, на жаль, паказваюць: як і сто гадоў таму, беларусы, так і не стаўшы нацыяй, так і не навучыўшыся жыць самастойна, жыць сваім розумам, кідаюцца паміж двума арламі — двухгаловым і аднагаловым.

А пастскрыптум мой такі.

Шчучын, дзе тутэйшыя палякі паставілі помнік забойцам, недалёка ад Васілішак.

70 гадоў таму — 13 чэрвеня 1943 года — у мястэчку Васілішкі Лідскай акругі баевікамі Арміі Краёвай, быў забіты заходнебеларускі дзеяч Юльян Саковіч, 14 чэрвеня — у тым самым мястэчку — Леанід Маракоў, брат паэта Валерыя Маракова і дзядзька гісторыка Леаніда Маракова. 14 чэрвеня тамсама быў забіты беларускі актывіст Уладзімір Ваўчок. «Наша Ніва» пра ахвяраў польскага тэрору ў 70-ю гадавіну іх гібелі нават не згадала. Затое пачала дыскусію, ці трэба ставіць ў Беларусі помнікі польскім забойцам беларусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?