Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (БРСМ) і аддзел па справах моладзі Мінгарвыканкама распрацоўваюць праект «па выхаванні грамадзянскай самасвядомасці моладзі» сталіцы.

Як паведаміў на прэс‑канферэнцыі 29 жніўня першы сакратар Мінскага гаркама БРСМ Вадзім Гігін, праект накіраваны на больш актыўны ўдзел моладзі ў рабоце органаў мясцовай улады. Праект, у прыватнасці, прадугледжвае стварэнне «маладзёжных кабінетаў» па розных кірунках дзейнасці Мінгарвыканкама: сацыяльная сфера, фінансавая і падатковая дзейнасць, будаўніцтва, эканоміка і некаторыя іншыя. «Маладзёжныя кабінеты» будуць фармавацца з членаў БРСМ, якія прайшлі спецыяльны адбор. Плануецца, што да знаёмства з дзейнасцю органаў улады яны пройдуць навучанне ў спецыяльных маладзёжных лагерах.

Паводле слоў В.Гігіна, мэта праекта — пазнаёміць маладых людзей «з функцыянаваннем дзяржаўнага механізму і задачамі, якія стаяць перад горадам». Акрамя таго, ва ўдзельнікаў праекта з’явіцца магчымасць вылучыць свае прапановы па тых ці іншых кірунках. У рамках праекта таксама плануецца стварэнне новых сайтаў, правядзенне экскурсій і майстар‑класаў у дзяржструктурах Беларусі, паведаміў Гігін.

«Па вялікім рахунку, і мясцовую ўладу трэба наблізіць да моладзі і моладзь — да мясцовай улады, каб чыноўнік меў станоўчы імідж у вачах маладога чалавека», — заявіў ён.

В.Гігін таксама зазначыў, што мэта лідэрскіх праграм БРСМ шырэйшая, чым проста выпрацоўка лідэрскіх якасцей. Лідэр, паводле яго слоў, павінен «разумець тыя задачы, якія стаяць перад рэспублікай у цэлым, перад горадам, і быць прапагандыстам сярод сваіх аднагодкаў і калег».

Плануецца, што рэалізацыя праекта пачнецца ў канцы верасня і завершыцца ў чэрвені 2008 года.

Сярод іншых найбліжэйшых планаў БРСМ В.Гігін адзначыў «актыўны пошук новых форм работы» і «пазбаўленне ад фармалізму і бюракратызму», дзейнасць па развіцці сістэмы маладзёжных лагераў і атрадаў аховы правапарадку, правядзенні адукацыйных семінараў, вырашэнні праблемы працаўладкавання моладзі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.

Паводле звестак В.Гігіна, цяпер членамі БРСМ з’яўляюцца 420 тыс. чалавек. Мінская гарадская арганізацыя аб’ядноўвае 90 тыс. маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, у сталіцы дзейнічае больш за 1.100 пярвічных арганізацый БРСМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?