Вызначаны грашовыя прэміі і падарункі для пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў «Дажынкі-2013».
Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 12 чэрвеня 2013 года № 480, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.
Рэгіён-пераможца атрымае прэмію ў 240 млн. рублёў.
Ганаровымі дыпломамі ўзнагародзяць шэсць раёнаў, кожны з якіх атрымае па 140 млн. рублёў. Сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў, адасобленых падраздзяленняў, якія маюць асобны баланс), што займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, выберуць 18 лепшых (па шэсць першых, другіх і трэціх месцаў). За першае месца прадугледжана 90 млн. рублёў, другое — 60 млн. і за трэцяе месца — 40 млн.

Для лепшых галоўных аграномаў прадугледжаны прэміі ў памеры 10 млн. рублёў. Столькі ж атрымаюць і галоўныя інжынеры.

Старшых камбайнераў, прызнаных па выніках спаборніцтваў пераможцамі, узнагародзяць ганаровымі дыпломамі, а таксама легкавымі аўтамабілямі ці грашовымі прэміямі.
Так, першая прыступка ганаровага п’едэстала прынясе ім аўтамабілі, другая — прэміі ў 20 млн. рублёў, трэцяя — прэміі ў 8 млн. рублёў. Камбайнеры, якія зоймуць першае месца, сёлета атрымаюць па 10 млн. рублёў, другое — па 8 млн., трэцяе месца — па 5 млн.

Пераможцаў з ліку старшых камбайнераў маладзёжных экіпажаў ва ўзросце да 31 года (на 1 ліпеня гэтага года), якія зоймуць першае месца, таксама ўзнагародзяць легкавымі аўтамабілямі, другое месца прынясе кожнаму з іх 10 млн., трэцяе — 8 млн. рублёў. Для камбайнераў маладзёжных экіпажаў, якія пастаянна працуюць у сельгасарганізацыях ці іх філіялах, якія зоймуць першае месца, прадугледжаны ганаровыя дыпломы з прэміямі ў 10 млн. рублёў, другое месца — 8 млн. і трэцяе — 5 млн.

Апрача таго, згодна з пастановай, лепшых работнікаў па выніках рэспубліканскіх спаборніцтваў вызначаць таксама сярод вадзіцеляў і маладых вадзіцеляў, занятых на перавозцы збожжа ад камбайнаў, старшых аператараў зернесушыльных установак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0