Беларусь і Украіна падпісалі пратакол аб абмене ратыфікацыйнымі граматамі аб дзяржаўнай мяжы ад 12 мая 1997 года.

Подпісы пад дакументам у прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін сёння паставілі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і першы намеснік міністра замежных спраў Украіны Руслан Дземчанка.

Дамова аб мяжы паміж Беларуссю і Украінай была падпісана ў 1997 г. Неўзабаве яе ратыфікаваў украінскі бок, аднак беларусы з ратыфікацыяй не спяшаліся. Мінск увязваў зацвярджэнне дакумента з выплатай доўгу ўкраінскіх прадпрыемстваў перад Беларуссю (гаворка ідзе пра запазычанасць, назапашаную яшчэ ў савецкія часы). Украінскія ўлады плаціць адмаўляліся.

Перспектыва вырашэння спрэчкі з'явілася ў 2009 годзе. Украіна тады, як адзначае «Дзеркало тижня», прапанавала Мінску шэраг кампенсацыйных схем: у прыватнасці, паабяцала, што грошы, якія выдзяляюцца Еўрасаюзам на ўладкаванне мяжы, яна будзе траціць менавіта на мяжу з Беларуссю. Беларускаму боку таксама былі абяцаныя зніжкі на ўкраінскую электраэнергію.

У выніку парламент Беларусі ратыфікаваў дамову аб мяжы. Аднак пагадненне ўсё роўна не ўступіла ў сілу, бо бакі не абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі. Па дадзеных выдання, гэта было звязана з дадатковымі патрабаваннямі беларускага боку.

Цяперашнія дамоўленасці паміж Кіевам і Мінскам, па звестках крыніцы, уключаюць у сябе прадугледжаныя раней зніжкі на ўкраінскую электраэнергію, а таксама пастаўкі на Украіну беларускай сельгастэхнікі, якая будзе аплачвацца часткова за кошт банкаўскіх крэдытаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?