Беларусь, Казахстан і Расія хацелі б бачыць Украіну ў Адзінай эканамічнай прасторы і Еўразійскім эканамічным саюзе і не жадалі б, каб Украіна закрыла сабе шлях у гэтыя аб’яднанні, падпісаўшы з іншымі арганізацыямі абмежавальныя дамовы. Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоваў з Віктарам Януковічам, паведамляе БЕЛТА.
«Вельмі шмат сёння гаворыцца аб Адзінай эканамічнай прасторы і пазіцыі Украіны. Я яшчэ раз хачу падкрэсліць, і гэта агульная наша пазіцыя, і Расіі, і Казахстана: мы вельмі хацелі б бачыць Украіну ў Адзінай эканамічнай прасторы і Еўразійскім саюзе», — адзначыў Лукашэнка.
Ён прызнаў, што Украіна павінна прайсці пэўны шлях, каб вывучыць ўжо напрацаванае «тройкай» і глыбей зразумець працэсы, што адбываюцца. «Думаю, Украіна ў найбліжэйшай будучыні вызначыцца ў дачыненні да Еўразійскага саюза больш канкрэтна», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не нагнятаць сітуацыю ў гэтым пытанні. «У тым, што Украіна вядзе перамовы з ЕС, няма нічога надзвычайнага. Расійская Федэрацыя вядзе перамовы з Еўрасаюзам аб новым пагадненні, Казахстан вядзе такія перамовы аб новым пагадненні з Еўрапейскім саюзам, і вядзе Украіна перамовы, — сказаў ён. —
Адзінае, мы толькі хацелі б, каб Украіна не падпісала з іншымі арганізацыямі такую дамову, якая б закрыла ёй шлях руху ў напрамку Адзінай эканамічнай прасторы і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза».
«Мы разумеем, што ёсць такая буйная краіна, як Украіна, якая даўно вызначылася, гэта суверэнная незалежная дзяржава, якая мае права і будзе выбудоўваць свае адносіны ў інтарэсах толькі ўкраінскага народа, не замінаючы, вядома, суседзям. Таму ў нас няма ніякай насцярожанасці. Але мы б хацелі, каб Украіна была нашай, бліжэй да нас», — Лукашэнка.